Чуеш подых гарачы агню
I ахвяраў жахлівыя крыкі?
I спалох бачыш духаў вялікі?
Гэта ЗНІЧ* зноў прыйшоў на зямлю.
Ён не чэпіць адвечнай красы.
Ён з’явіўся на нівы і пушчы,
Каб ачысціць ад хлуду лясы
I ад бруду змярцвелыя душы.
Вось вымае агністы свой меч,
I няма ад яго паратунку.
I бягуць «душы мёртвыя» прэч,
Спехам кінуўшы грошы і клункі.
* Зніч — святы агонь у старажытных славян.