Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Зорны воз

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Зорны воз
Мне – чатыры гадкі.
Кожны дзень штосьці новае дорыць.
Я распытваю ўсіх і пра ўсё
і матаю на вус.
Сёньня сена вязём,
трактар іскры шпурляе ў прасторы.
Я упэўнены: іскры, як зоры,
ў нябёсах жывуць.

Прачынаецца ноч,
зор на небе ўсё болей і болей.
Найбуйнейшыя зьзяюць,
як гумкай нацёрты пятак.
Маці кажа, што кожная
сьвеціцца з Божае волі,
і што зорка мая паміж імі
гарыць дзесьці там.

Воз крыху калываецца,
мякка на ім, як на ваце.
Ён праз зорную плынь,
быццам човен вялізны плыве.
Я скажу вам па шчырасьці,
хоць мне было страшнавата,
але з бацькам быў згодны я плысьці
за сьвет цэлы век.

Калі вочы прыжмурыш,
то неба становіцца плыткім,
зоры побач зусім,
так што можна пакратаць рукой.
Потым я засмучаўся, што
не нанізаў іх на нітку,
вось бы цуда-маністы былі
для матулі маёй…

Я не ведаў тады,
колькі часу я буду ў дарозе,
колькі сена вазоў
пад рубель мне жыцьцё накладзе.
Ды да зорак бліжэй,
чым на першым, на бацькавым возе,
у жыцьці я не быў
аніколі,
ні з кім
і нідзе.
05.03.2013