— Што, званы, вы захадзілі,
Так трывожна зазванілі?
Хіба можна
Так пужаць
Ноччу соннай
Гараджан?
— Мы пачулі:
Недалёка
Свішчуць кулі —
Чулі клёкат?
To няйначай
Вораг гоніць:
Коні ў звоне...
Скачуць
Коні...
— Што, званы, вы застагналі?
Штосьці, дурні, мы праспалі...
I куды
У цемры йсці?
Дзе нам ворага
Знайсці?
— Вораг вас увёў у зман:
Ён жа тут
Ля нашых ран
I ля пакут...
Вы ідзіце
На наш звон
I убачыце,
Дзе ён.
Нас здымаюць
Са званіц,
Нас кідаюць доле
Ніц —
Мы ў няволі...
— Што замоўклі вы, званы?
Вашы стогны не чутны.
А без вас
Уночы
He, не бачаць
Вочы.
— О, які цяжкі ў нас
Лёс!
Нас вязуць
Праз рэкі слёз
I наўскач
Праз лямант,
I праз плач
Таксама...
Каб маўчалі,
He званілі, —
Языкі нам
Прышчамілі.
А ў гакім палоне,
Як жа мы зазвонім?!
Горад змоўк...
Счарнеў ад дум...
На званіцах
Дрэмле сум...
Калі вывезлі званы —
Значыць,
Здаўся горад без вайны.
Плача...