У дзяўчынкі Алесі лёс быў нечым падобны да Папялушкінага. Такая ж злая мачаха і яе нядобрая дачка ўсё стараліся дапячы сіротцы. Неяк перад Калядамі прысніўся Алесі сон: з’явілася перад ёй добрая Фея і кажа:
– Скажы, Алеська, свайму татку, каб за ёлачкай не ў лясок, як звычайна, а ў пушчу йшоў...
Бацька Алесі чалавек спагадлівы, вельмі любіў сваю дачушку і заўсёды стараўся абараніць сваю крывінку ад мачахі і яе дачкі, і тут, безумоўна, не мог яе не паслухаць. Узяў сякеру, закінуў за плячо стрэльбу і ў шлях падаўся. Ідзе ён па пушчы, а прыгожай ёлачкі ніяк не можа выбраць: то крывая, то аднабокая, то рэдкая, то маленькая. Як раптам пайшоў такі густы снегапад, што ўсе сляды засыпаў. А Алесін бацька па сваіх слядах збіраўся з лесу выходзіць. Няўжо, думае, давядзецца прападаць. І зусім нават не ўсцешыўся, убачыўшы на палянцы пушыстую прыгажуню, ростам як раз пад столь. Ссяку, вырашыў, а, можа, усё-такі ўдасцца выбрацца з пушчы, вось Алеська будзе рада. Як тут бачыць: на паляну выйшаў алень. Спыніўся і галавой павёў, як быццам падаў знак: ідзі за мной. Пайшоў Алесін бацька за аленем і неўзабаве апынуўся на ўзлеску, адкуль перад вачыма паўстала родная вёска...
Убачыўшы ёлачку, Алеська аж засвяцілася, а мачаха і яе дачка яшчэ больш спахмурнелі.
Упрыгожваючы ёлачку, малютка ўсё пагладжвала яе, прыгаворваючы:
– Якая ж ты прыгожая, проста зялёная чараўніца!
І здалося дзяўчынцы, што ёлачка таксама яе па галаве пагладзіла...
У Калядную ноч Алеся зноў убачыла ў сне добрую Фею:
– Не праспі, Алеська, сваё шчасце...
Прачнулася малышка і адразу да ёлачкі падбегла. Падняла бацькоўскі падарунак і бачыць – вось дык дзіва! – сапраўдны баравік пад ёлачкай стаіць. Узяла яго ў рукі і здагадалася, што гэта шкатулка ў выглядзе грыба. Алеся адчыніла вечка а там цэлы скарб: залаты крыжык з ланцужком, залатыя завушніцы і залаты пярсцёнак з брыліянтам. Аднак дзяўчынка яшчэ не ведала, што ўсе яны маюць цудадзейную моц: калі надзенеш гэтыя завушніцы, – з’явіцца музычны слых; калі надзенеш гэты пярсцёнак, – рукі будуць яшчэ больш умелымі; калі надзенеш гэты крыжык, – сэрца стане яшчэ мудрэйшым і – ад злой сілы аберагаць будуць. І ўсе яны могуць належыць толькі таму, каму аднойчы дасталіся і каму ён сам перадасць у спадчыну.
– Ты сапраўдная чараўніца! – усклікнула Алеся і прытулілася шчакой да лапы зялёнай прыгажуні, – дзякую!
– Угледзеўшы такое багацце, зайздросныя мачаха і яе дачка толькі дакрануліся да яго, - апяклі рукі і болей – нават не спрабавалі. І на Алеську сталі паглядаць з апаскай і больш не смелі яе крыўдзіць. Паспрабавалі адыграцца на ёлачцы, торгаючы яе і шчыпаючы, як раптам лапай наводмаш па насах атрымалі. Вочы ў іх ад здзіўлення акругліліся, як у соў. З такімі вачыма, пэўна, хадзілі б да смерці, калі б Алеся не папрасіла:
– Ёлачка, мілая, прабач ім, калі ласка!
...І на Стары Новы год добрая Фея да Алесі ў сон заглянула:
– Скажы, Алеська, татку: няхай ён ёлачку аднясе назад у пушчу і, дзе яна расла, паставіць на тое ж месца.
Узяў Алесін бацька ёлачку (за столькі часу яна зусім не асыпалася) і адправіўся ў дарогу. Але як, думае, я адшукаю тую палянку. Толькі падышоў да пушчы як убачыў знаёмага аленя. Павёў той галавой, быццам знак падаў: ідзі за мной. Пайшоў Алесін бацька за аленем і хутка апынуўся на тым месцы, дзе ёлачку ссек. Прыставіў дрэўца да яго пня, як яно тут-жа прырасло. На развітанне добры чалавек яшчэ раз падзякаваў зялёнай чараўніцы, пацалаваў ёй лапу і па сваіх слядах падаўся назад. Адышоўшы, азірнуўся, памахаў рукой, а ёлачка яму – лапай.