Зялёныя шаблі аеру
На сажалках вецер згінае.
Бядую, чакаю і веру:
Загоіцца рана скразная.
Пад вечар птушынага рэю
Слабее напал неўзаметку.
За ўсё, чым жыву, адхварэю —
За кожную пчолку і кветку.
На сажалках з бурбалак сіта:
To дожджык сыпнуў нечакана.
Смугою ўжо далеч спавіта
I зноўку смыліць тая рана.
Журба на зялёных улоннях,
I мне не развеяць патолю.
Я знаю: Чарнобыль сягоння —
Везувій сусветнага болю.
Мне страшна, мне крыўдна, мне горка,
I, пэўна ж, на свежую рану
Ля сажалак драч надвячоркам
Дзярэ золкі кужаль туману.