Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Чарнобыль

Сярэдняя: 4.6 (58 галасоў)

Адначасова — шчасце і бяда,
Адначасова — радасць і пакута.
Купаю сына — светлая вада,
А год — радыяцыйная атрута.

Чарнобыля счарнелыя радкі
Ў пасведчанні нявіннага дзіцяці.
I я, што найшчаслівейшая маці,
Сціраю слёзы страху са шчакі.



Яшчэ не ацэнена

He дапамог бядзе анёл,
Калі ўпаў на грэшны дол
Гарачым снегам попел.
I мы змывалі горкі пыл
I пракліналі небасхіл
За небяспеку кропель.
Халодны пот. Гарачы снег.
I нехта ўпаў. А нехта збег,
Хаваючы рэактар, —
Хто за сабой людзей павёў
I захлынаўся ад прамоў
Пра чалавечы фактар.
Змываем пыл духоўных ніў,
Што нечакана паланіў,
Запэцкаў нас па вушы.
I дай нам, Божа мілы, сіл,
Каб змыць нарэшце гэты пыл
Ачысціць нашы душы!..



Яшчэ не ацэнена

He прыляціць у мой куток зязюля,
He абнадзеіць і не ўсцешыць слых.
Счарнелыя дубы ў гаях паснулі
Без гоману і песень веснавых.

Я тры гады яе дарма чакала,
Перасяленку, здрадніцу, сястру.
А мо яна ад стронцыю сканала
Сярод птушыных, патаемных скрух.

Піла расу з атрутнага лісточка,
Хавалася ў атручаных карчах.
Зязюльчын лён. Зязюльчына сарочка
На смерць падрыхтаваная не ў час...



Яшчэ не ацэнена

Каля чарнобыльскіх бяроз
Вёў за сабой малых Хрыстос.
Трымаў сваю з іх кожны свечку,
I кожны пераходзіў рэчку,
Што выцякала з балацянкі,
Дзе выспяваюць калыханкі
Пра чапляў і чароўных дзіваў.
Хрыстос дзяцей на ўзлесак вывеў,
I пасадзіў наўкол сябе,
I, ліст сарваўшы на вярбе,
Паспрабаваў на зуб... Паверце,
З тым, знаць каб, на якім жа свеце
Ён з дзетварой. Пераканаўся,
Што свет не той, а гэта. Паўза...
Прымоўк, суцішыўся Ісус.
Ніяк не мог ён скінуць груз
Сумненняў з праведнай душы:
Калі дзе ўзяў, там палажы...
А ўзяў ён шмат. Урваў у смерці
Чародку жыццяў. «Гэта ж дзеці! —
Кашчавай ён сказаў. — Пабойся
Ты Бога! He дастаць, бач, носа.
Над немаўляткамі навісла...»
Адбрыў яе, так скажам сцісла.
Адбрыў, забраў дзяцей — і ходу.
Па пнях, па нейкаму балоту.
...Я столькі рыфмаў ператрос,
Зарыфмаваўся каб Хрыстос!
Які чарнобыльскіх дзяцей
Дарогай вёў чым карацей
Далей ад смерці... Цёрлі туфлі.
I гаслі жыцці. Свечкі тухлі.
Няўжо чытаць нам на кладах
Імёны дзетак па складах!
Жывіце, родныя, жывіце!
Лятайце, басанож, па жыце!
Паешце на здароўе бульбы,
Што з печы. Дзьмухаюць хай губы
На, крутабокую, яе,
Што з жару ў роце растае!
...Хрыстос мне бачыўся не ў сне,
А ў земляку адным. Міне,
Я думаў, ён мяне — я тут жа,
He прыглядаўшыся задужа,
Партрэт ягоны намалюю...
А ён вёў за руку малую.
Па ржышчы, што калола ногі.
...Партрэт няўмольнае эпохі.