Напэўна, па міласці Божай нябёсы звялі
ў адзінай прасторы зямное і зорнае шчасце:
успыхнуць — і знічкай зляцець у далоні зямлі,
і, страціўшы крылы, у глебу зярняткам упасці.
І згаснуць — і рунню прабіцца да сонца з глыбінь,
прайшоўшы, агонь, і ваду, і каменныя глыбы,
стакроць памнажаючы золата — зорную плынь,
што потым ізноў засявае зямельныя скібы.
І з хлебам жытнёвым штодня падаецца на стол,
і з зорнаю соллю на столі нябеснай іграе.
І ў свеце каштоўней, чым самы смачны разнасол
з усіх, што людская рука так старанна стварае.
Паўсюдныя "і" парассыпалі кропкі, як мак.
Такое ўжо шчасце — сузор'е нябесна-зямное.
Не спі, чалавек! Хто б ні быў ты — паэт ці мастак,
у жмені збірай — і натхняйся ім — разам са мною!