Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Дзяды

Сярэдняя: 5 (7 галасоў)

Ціха пад вокнамі дыхае вечар.
Ноч атуляе стамлёныя плечы.
Зорных нябёсаў таемнае веча
Душы Дзядоў выпраўляе на стрэчу...
На далані маёй дыхае свечка.
А над Айчынаю дыхае вечнасць.

Жаліцца небу старэнькая груша —
веццю счарнеламу завязь не гушкаць...
Памяць астылае лісце варушыць.
Гуслі Дзядам спавядаюцца скрушна.
З выраю жальна вяртаюцца птушкі —
чуйныя родныя дыхаюць душы.

...Стогне Радзіма, з няволяй павенчана,
хіжаю шабляй варожай пасечана.
Здраднай касой курапацкай скалечана.
Попелам чорнае былі апечана...
...I паўстае — неадольная, вечная,
гордаю княжай крывёю асвечана.

Перад балеснай зямелькай укленчу —
чую: магілы паўстанцкія енчаць,
чую: адчайным заходзяцца крэчам
хаты пустыя, астылыя печы.
Чую самоту дарогі адвечнай —
боль невылечны і жаль чалавечы.

Белая поўня над чорнаю пожняй.
Дыхае свечка, на вечнасць варожыць.
Мовай чужынскай і воляй варожай
не пакарай мяне, праведны Божа!
Белай Краіне не згінуць парожняй —
абарані ад бяспамяцтва, Божа!

З веку мінулага дыхае вецер.
Дыхае памяць у зорным Сусвеце.
Свеціць паходня, у цемрадзі свеціць.
...Белае мроіва неба парушыць.
Белай малітвы начное не рушу.
Пад абразамі на покуці — душы...