Зорны пыл – на рахунку у банку. Я жыву на працэнт. Маім промням бракуе напрамку. У мяне марсіянскі акцэнт.
Маё сонца – падвойная зорка. Чырванее блакіт, Ды планеты шалеюць на золку, Сыйшоўшы з арбіт.
Па-за сэрцам – глыбокае неба. За вачыма – фарватары зор. Хутка зведае чорная глеба, Дзе я жыў і чаму я памёр.
Мо жыццё не каштуе нічога, Ды калісьці я памятаў, дзе Існуе Авалон, да якога Цені крочаць па цёмнай вадзе.