Мураш знайшоў бруснічку на балоце,
Ледзь-ледзь яе падняў і узваліў на спіну.
З апошніх сіл цягнуў яе ў поце,
“Няўжо не данясу, няўжо яе пакіну…”
Ён ведаў, халады ўжо прыйдуць хутка,
І зробіцца бялюткім бор сасновы,
Як толькі мог, так працаваў малютка,
Каб да зімы мурашнік быў гатовы.
Ён кожную крупінку і зярнятка,
Калі знайшоў, не еў, а пакідаў,
Братам сваім малодшым, немаўляткам,
І тым старым, хто больш не працаваў.
Адольваючы цяжар, боль і стому,
Ён марыў толькі аб адным,
Што вытрымае, данясе да дому,
Бруснічку гэту і затым…
Калі прыйдуць мароз і сцюжа,
Мурашнік зможа перажыць.
Сябры ўсе скажуць-“Дзякуй, дружа!
І можна будзе адпачыць.