Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Павал Зьмітрук

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

***
Балядашы бяроз, жырандолі кляновых палітраў
Запалаліся сьвечкамі ад лістападных дыханьняў.
Гэты лес нібы Храм, дзе мы шлюбную шэпчам малітву,
І прытулак для нас, безнадзейна цяпер закаханых.
Нібы радасны дом, дзе нарэшце жыве дараваньне
За натхнёныя барвы маіх лістабояў мінулых…
Ў гэты восенны шолах зьліліся і нашы дыханьні,
І ў вачах тваіх неба маё назаўжды патанула.
І так хочацца час супыніць, ці хаця б запаволіць,
Каб падоўжыць імгненьні, дзе шчасна спаўняецца лёс.
Дзе кляновыя шаты ірдзеюцца як жырандоля,
І рассыпаў сьвятло балядаш лістападных бяроз.



Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Малітва
О Госпадзе, хай буду я распнуты
Нялітасьцю Тваёю цераз край,
Калі ўчыню хоць некаму пакуту
Наўмысна і бязьвіннаму. Карай!
Карай, які б ня быў я небагаты,
Ці ў колас пляц мой, ці даўно ў асьці,–
Карай, калі хоць шпунт з бацькоўскай хаты
На грошы памяняю пры жыцьці.
Карай, як прад Табою зманным буду.
Мацней чым я сябе караю сам.
Як хочаш, але хамам і паскудам
Я без сумневу іхняе аддам.
Карай, калі катораму зь няўклюдаў
Ў нявыйснай багне не падам руку,
Але, як хочаш, а Тваіх іудаў
Пакіну на асінавым суку.
Карай – што помста для мяне – адхланьне,
За злыгу – злыдню, здрайцу – за ману,
Карай, як хочаш, за недараваньне,
Бо здрайцу помстай я не абміну.
Карай, што не аддаў для Беларусі
Тых колькі пядзяў, што ў маім ілбе,
Карай, што я дасюль Табе малюся.
…Хоць не заўсёды верую Табе.



Сярэдняя: 5 (1 голас)

***
Ирыне
Разьлілася валошкамі
Небасінь на палях.
Не тапчы ты іх ножкамі,
Яснавокая.
Не тапчы іх каленькамі,
Не губі іх красу,
Дай цябе як маленькую
На руках панясу.
Будзе схоўны пагорачак!
Дзе ён дзенецца...
Ах ты…гузікі…гора-горачка…
На сукеначцы…
Колас з коласам шчытна так
Сорам наш абаўе.
Дзюбкі вытыркнуць цыцачкі –
Галубочкі мае.
Ах, ці хто грэхаводзіў так
Ў гэтым полі!..
Можа потым на споведзі
Што й адмолім…
…………………..
Я з-пад чорта з-пад лысага
Пэўна, скраў бы каня,
І ўцяклі б мы, Ірысачка
Ад відушчага дня
У вячоры туманныя
Ад вачэй ад людскіх
Ажно ў радасьць нязнаную.
Ва ўладарствах маіх
Будзеш паннай валошкавай,
Найпякнейшай з красунь…
Не тапчы ты іх ножкамі,
Не страсі зь іх расу.