Любоў і годнасць, гордасць і давер…
Даруй мне, маладосць, жыцця прызнанне:
- Я толькі навучылася цяпер
Не вінаваціць ані ў чым каханне.
І адмаўляць сяброўства пустальгу,
Не прынімаць фальшывыя дакоры…
І словам ашчаджаць з расстайных губ;
Без лютай зайздрасці глядзець на зоры.
Развагамі вяртаць спакой душы,
Сумненне бараніць ад злых паглядаў,
Пад шум дажджоў і снегавей цішы
Быць кожнаму імгненню шчасця радай.
Цаніць натхненне да мазольных рук,
І першаквету кланяцца каліны,
І неба прамяніста-светлы круг
Тваім вяртаннем бласлаўляць, адзіны…