Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Вера Буланда

Сярэдняя: 4 (5 галасоў)

Ах, ночанька, ноч летняя –
Са мною зноў няветлая,
Нямілая і слёзная:
Нібы зімой, замёрзла я.

Замёрзла – не сагрэюся,
Паверыла – зняверуся,
Што палічыла слодыччу,
Пакаштавала з горыччу.

Ах, ночанька, ноч летняя –
Менш цёмная, больш светлая,
Для закаханых мілая…
Няўжо не адлюбіла я?
НЕЗАВЕРШАНЫ НАЦЮРМОРТ

Я размаўляю з нематой:
З нямымі сценамі і столлю,
З крыштальнай вазаю пустой,
Напоўненаю звонкім болем.

Я размаўляю не з табой,
Калі ўтрапёная, нямая.
Мне не патрэбны звонкі боль
І ваза на стале пустая.

Адмоўлюся ад нематы
І стану шчыраю з табою,
Як толькі вазу ўквеціш ты
І сэрца вызваліш ад болю.



Сярэдняя: 4.2 (5 галасоў)

Мы часта любім тых, хто нас не варты,
Хто пазбаўляе смеласці спакой,
Схіліўшы ўсё на кепікі і жарты,
Абы не заміналі пад рукой.

І, як заваркі даўняе гарбата,
Гарчэюць думкі з новым адкрыццём:
Як часта любім тых, хто нас не варты,
Узбунтаваўшы лёс свой і жыццё.



Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)

Б.С.

Знаходка ты мая – праз столькі год!
Я разгубілася, не ведаючы выйсця
З пачуццяў тых. Нібыта крыгаход
Панёс мяне адну і не спыніўся.

А ты на беразе застаўся – без мяне,
І не адзін, хутчэй, не адзінокі.
Адноўленых прыгодаў не міне
Мой лёс – такі неапраўдана горкі.

І вуліцы, і горад, і мой дом
Спынілі раптам без цябе дыханне.
Шукаю, не знаходзячы слядоў
Майго адзінага сур’ёзнага кахання.



Сярэдняя: 3.5 (2 галасоў)

С.М.

Баюся тэлефанаваць,
Каб толькі не патурбаваць
Тваю вялікасць.

Якія словы мне сказаць,
З чаго гаворку завязаць –
Цябе паклікаць?

Каб ты ўсё-такі пачуў,
Як я жадаю, як хачу
К табе прывыкнуць.

Не дай адзінаму ў жыцці
Каханню побач праплысці
І раптам знікнуць.

Баюся тэлефанаваць,
Хаця і буду шкадаваць –
Гатова сціхнуць

Навекі.
Каб не турбаваць,
Каб незнарок не зазлаваць
Тваю вялікасць.