Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Інтэрв'ю на вясковай вуліцы

Сярэдняя: 4.6 (41 голас)

- Вы пытаеце, дзеткі мае,
Як я з мужам жыву?
Гарэлку п'е, бутэлькі б'е
Аб маю галаву.

Ганяе за хатай, за пуняй,
Грызе, як крывавы звер.
А я ж была прыгажуняй,
Красоткай, як кажуць цяпер.

Была, як усе, камсамолкай,
Хадзіла ў калгасны хор.
А ён мяне коліць іголкай,
П'яны смярдзючы тхор.

За валасы цягае,
Гугнявіць аб нечым благім.
...Сіняй вясной, каля гаю,
Мы цалаваліся з ім.

Бачу праз боль крывавы,
Сьню ў незабыўных снах
Чуб кучаравы, бялявы,
Зорачкі ў ясных вачах.

"Дзеткі ў нас будуць, унукі" -
Ён мне пяшчотна шаптаў,
А потым ускідваў на рукі,
І, як малую, люляў.

Ужо я не плачу, не плачу,
Бо скора лажыцца ў труну.
Не гэтага звера бачу,
А бачу тую вясну.

За што ж ён нагамі топча?
Хто выгрыз яму душу?!
"Такі харошы быў хлопчык" -
Некалі Богу скажу..