Вабіць незнаёмая дарога,
I сабе ты кажаш: прыкмячай.
А калі дарог на свеце многа,
Друг мой, Іван-чай?
Ды тваіх, смаленскіх, не забуду
У снягах, дажджах і сіняве.
Тройчы адбівалі вёску Буду,
Тройчы паміралі за яе.
А пад Будай — хлопцы пахаваны,
А пад Будай — многія сябры.
Аляксеі, Віктары, Іваны...
Гліна коўзкая. Падзол сыры.
Узышлі травой і гарыцветам,
Узышлі на радасць ці жальбу?
Вунь Іван стаіць па-над кюветам,
Галавой ківае: «Вось жыву.
He здзіўляйцеся, што ўвесь чырвоны;
Восем куль было — крывёю сцёк.
Скора восень. Каркаюць вароны.
Жоўты каля ног маіх лісток.
Хочаш — пачастую нашым чаем,
Я ж цяпер навекі вадахлёб».
He, Іване, з чаем — пачакаем,
Закурыць не лішне нам было б.
Мы цыгарку скруцім па-былому,
Пусцім шызы дым на правады.
Першая зацяжка — мне, жывому,
Бо занадта ў сэрцы гаркаты.
...............................................
Чырвань, чырвань, колер праваты...
Выдатны верш!
Выдатны верш!