АДЧАЙНАЕ
Я — нявольнік самотны з забытага краю.
Я — пакутнік, закуты людзьмі ў кайданы, —
Ані волі святой, ані ласкі не маю,
Ды асуджаны без аніякай віны.
Грудзі боль невыносны пячэ-раздзірае,
Сэрца б’ецца, нібыта ў шаленстве сляпым.
І не знаю, за што мяне Бог так карае,
Шле мне выпрабаванні адно за адным.
З дня у дзень, з году ў год насланнё чорнай хмарай,
Як каршун той, кружляе-вісіць нада мной.
Не адважуся — бо адвучыў сябе — марыць,
Не здабуду ў душы сваёй лад і спакой.
Рвуся ў спуднай трывозе, ў зняможаным гоне —
Ні адхлання няма мне і ні забыцця…
Неадкупны прыгонны я, вечны прыгонны
Не ў чужога — свайго, што ад Бога — жыцця.
Ці то дождж секане, нібы шротам, па твары,
Ці то спёка абпаліць знарок усяго, —
Я цярплю, я трымаю, трымаю удары,
Не растраціўшы духу зямнога свайго.
І калі давядзецца ўсё ж легчы на сечы
Пад напорам звыродных атар дзікуноў,
Не сцярплю, не зміруся і там, і не ўкленчу —
Папрашуся на бітву святую наноў.