Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Валеры Максімовіч

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

АДЧАЙНАЕ

Я — нявольнік самотны з забытага краю.
Я — пакутнік, закуты людзьмі ў кайданы, —
Ані волі святой, ані ласкі не маю,
Ды асуджаны без аніякай віны.

Грудзі боль невыносны пячэ-раздзірае,
Сэрца б’ецца, нібыта ў шаленстве сляпым.
І не знаю, за што мяне Бог так карае,
Шле мне выпрабаванні адно за адным.

З дня у дзень, з году ў год насланнё чорнай хмарай,
Як каршун той, кружляе-вісіць нада мной.
Не адважуся — бо адвучыў сябе — марыць,
Не здабуду ў душы сваёй лад і спакой.

Рвуся ў спуднай трывозе, ў зняможаным гоне —
Ні адхлання няма мне і ні забыцця…
Неадкупны прыгонны я, вечны прыгонны
Не ў чужога — свайго, што ад Бога — жыцця.

Ці то дождж секане, нібы шротам, па твары,
Ці то спёка абпаліць знарок усяго, —
Я цярплю, я трымаю, трымаю удары,
Не растраціўшы духу зямнога свайго.

І калі давядзецца ўсё ж легчы на сечы
Пад напорам звыродных атар дзікуноў,
Не сцярплю, не зміруся і там, і не ўкленчу —
Папрашуся на бітву святую наноў.



Сярэдняя: 5 (9 галасоў)

На той зямлі, дзе вечна быў няўрод
І лютавала злыбедная сіла,
Праз сотні згубных і знябытных год
Паэтава душа закаласіла.

На пустцы той - счужэлай, нежывой,
На гонях тых - бяскроўных, скамянелых -
Змог моц узяць расток з зямлі сваёй
І выбіцца з-пад скіб, ужо скалелых.

Сярод згібелай стыні і пяскоў,
На шэрым абязлюднелым абшары
Душа паэта вынікла з акоў
Зямной і небнай неадступнай кары.

Адрынуўшы прысуды і грахі,
Зняможліва, адчайна, ускрыжова
На белы свет - знямелы і глухі -
Прабілася паэтавае слова.

Знядужы люд зацята ўсё маўчаў
Пад ношаю свайго наканавання
І не пачуў, не згледзеў, не спазнаў
Душы ўваскрослай цёплае дыханне.

Паўсюль стаяла страшная мярцвень,
І ў гэтай беспрасветнасці цярновай
Як заклік, як малітву - з дня на дзень -
Душа паэта прамаўляла слова.

Калі ж яму не ўдасца ўратаваць
Сусвет, што зыдзе ўвесь на пацяруху,
Жывое слова зможа сведкам стаць
Няўмёрласці ўваскрошанага духу.



Яшчэ не ацэнена

ДЗЕЦІ ПУСТЫНІ

У свеце блукаем адно,
акаянныя дзеці пустыні,
І — непрыкутыя —
ходзім наўпрост і наўсцяж.
І дзе ні ступіць нага —
там чарнобылі стануць, хатыні,
І куды вока ні гляне —
паўстане падманны міраж.

Што мы за людзі?
Якога мы роду-заводу?
Скуль мы прыйшлі
і куды нас пракляцце
вядзе?..
Шмат, паглядзеўшы,
навокал натоўпу-народу,
Толькі затым
чалавека не бачна
нідзе.

Божа святы! Вы —
святыя апостальскай веры!
Ці ж вы не бачыце,
ці анямелі вы ўсе?!
Скуль напладзілася
здрайцаў-іудаў
без меры,
Што зніштажаюць,
паганяць
усё
пакрысе?

Веру —
ў бязвер’е
нікчэмнае
ператвараюць.
Праўду —
з хлуснёю
імкнуцца
дашчэнту
змяшаць, —
Бо над усімі —
уладу бязмежную маюць,
Бо ім на кожнага —
кожнага з нас —
напляваць.

Хто мы для іх? —
Анямелыя дзеці пустыні,
Што адцураліся
веры і праўды
святой…
І калі нават усе мы
заўчасна
загінем —
Хтосьці адродзіцца
з іх
у малельлі пустой.

Будзе ізноў
заклікаць
да Вышэйшае Рады,
Будзе ізноў
прысягаць
на распяцці святым
Толькі затым,
каб аднойчы
“даверліва”
здрадзіць, —
Толькі затым!

Божа мой правы!
Чаму так ужо павялося
З часу далёкага
і да апошняга дня,
Што з дзікім гойсаннем
вецер
брыдоту
разносіць,
А падпявае яму —
ашалелае ў дошку —
гайня?

Злітуйся, Божа!
Не дай закарэць нашым сэрцам —
Вымалі іх,
ад халоднай зімы
уратуй,
Засцеражы ад згрызоты —
сканаць ў паняверцы, —
Божа, пачуй!.................................................................



Яшчэ не ацэнена

ЗА ШТО?..

Не ведаю — хто і навошта
Ў душу пасяліў тугу.
Ніяк я яе пазбыцца
Не мог ды і не магу.

Я быў, як ягнё, патульным,
Даверлівым — як дзіця,
І не заўважаў пагрозных
Пярэваратняў жыцця, —

І хваля мяне захапіла
Ў віруючы свой прасцяг,
Круціла, вярэдзіла, біла,
Наводзіла ў сэрцы жах.

І крыкнуць — не меў я моцы,
І духу не меў, калі
Прасіў малітоўна: “Божа,
Мне ласку сваю пашлі...”

У вусцішны час паўночны
Я слёзна крыж цалаваў...
Ды стогну майго і болю
Ніхто не чуў і не знаў.

Як быццам і свет, і людзі
Аглухлі, аслеплі ўраз...
Агеньчык струменіўся кволы
І той непрыкметна згас.

Укленчыўшы у малельні,
Нічога больш не прашу...
...Зямныя і небныя богі
Распялі маю душу.