Над Нёманам блукаю ў наваколлі –
У прыцемку па стомленых палях.
З гасцінца збочыў і цяпер ніколі,
Здаецца, не патраплю я на шлях.
Ды раптам бачу: кволенькі праменьчык
Бліснуў і знік, і запаліўся зноў.
Не электрычны, а жывы агеньчык,
Што робіць блізкім доўгі шлях дамоў.
Пад’еду і спытаюся дарогу.
І стомленасць звалілася з павек:
Канец маім блуканням, дзякуй Богу.
Дзе ёсць агеньчык – там і чалавек.
Напэўна, для вячэры стол накрыты:
Паруе бульба,
Пеніць сырадой.
А можа, на кілішак добрай жытняй
Запросяць? –
Застануся на пастой.
На досвітку прачнуся – і ў дарогу,
Папіўшы малачка пад жытні хлеб,
З падзякаю гасціннасці і Богу.
Бог дазваляе,
Робіць – чалавек!
Бліжэй пад’ехаў.
Нешта смутна, цёмна.
Сцяжынка быльнягамі парасла.
Але наперад моўчкі гоніць стома
Да веснічак – зламанага крыла…
І варухнулася ля сэрца скруха.
Усё, няма цяпер хады назад.
Здзічэлы сад раскінуў голле глуха:
Гаротная галеча, заняпад.
Буслянка стылая над цёмнай хатай.
Чароты сходзяць ніцай чарадой
Да сажалкі, што прымаразкам сцята
Люстэркавай празрыстаю слюдой.
Каля хлява ў галлі скалелі колы.
Схіліўся плот пакорна, як жабрак.
Вуллі згнілі – зляцелі ўпрочкі пчолы.
Куды патрапіў сёння я няўзнак?..
Засыпаны іржаваю лістотай,
Асірацелы без снапоў рубель.
Жывой бездапаможнаю істотай
Ля студні пахіліўся журавель.
У студні, паміж хлуду, кволы ветах
Тапельцам ціха скаліцца з вады…
Буслы не абяцаюць новых дзетак.
Спусцелі гнёзды – гэта знак бяды.
Калісьці тут жылі –
Кахалі, дбалі.
Ў калысках калыхалі немаўлят,
Пяшчоты казак дзеткам выдумлялі…
Была патрэба –
Цяжка працавалі:
Зямлю аралі,
Коней зацуглялі,
Палотны ткалі,
З борці мёду бралі,
Цудоўны посуд з гліны выраблялі…
Без напаміну ў жніўні жыта жалі,
Бо на зямлі бацькоўскай шчыравалі.
Свядома лёс уласны будавалі –
Чужынскай не скараліся навале.
На Радаўніцу продкаў шанавалі.
Буслоў чакалі і гасцей віталі.
Бывала, што і чарку выпівалі,
І ўпокат спалі ўсе на сенавале.
А песні…
Што за песні тут спявалі!
Узімку на Каляды,
На Купалле,
Калі вянкі дзявочыя сплывалі
У велічныя нёманскія хвалі…
Надзеі тут ніколі не гублялі!
А зараз –
Безнадзейны заняпад.
Пабіты шыбы, выламаны дзверы.
Кульгавы стол – нагамі дагары…
Жахліва ўсё.
Ніколі не паверу,
Што так зрабіць маглі гаспадары.
Нібыта ў пекла зеўраюць масніцы.
У павуціннай роспачы пакой.
Гарыць агніца ля пустой бажніцы,
Зацепленая прывіднай рукой.
Цяжар на сэрцы і жалобны смутак.
Гаркавы, як пажар, палынны пах.
Сыходзіць у нябыт заможны хутар.
Ад пусткі, як ад чорных лядаў, – жах!
На бэзе шэрань – сівізна на скронях.
Нябожчык ціха спіць.
У вечным сне
Спыніліся руплівыя далоні
Ў дуброве, бы ў дубовай той труне.
Над Нёманам і гоману не чутна.
Не ў сціртах жыта,
Жыта – у снапах.
За што і кім забіты ўтульны хутар?
Губляецца Радзіма па складах.
Так і незбудаваным новым ладам,
Яго ганебным, здрадніцкім загадам
І зайздрасцю жыццё звялося ў дым…
Тады навошта цепліцца лампада
Ў бязладнасці агеньчыкам жывым?
Рукой не ўзняць.
Спіною не падперці.
Не адрадзіць знямелае жытло.
Няўжо і гэткі сорам Божа сцерпіць?!
Гарыць дакорам у начы святло…
1997
Прачытаю "Агеньчык" на Тройцу
Прачытаю "Агеньчык" на Тройцу сваім родным. Мы збіраемся ў роднай хаце толькі на гэта свята. Астатні час яна пустая, толькі бацькі глядзяць на нас з партрэтаў. Праўда, ужо 10 год, як не стала мамы, а ў хаце светла і чыста. Ведаю, што нехта - брат ці сястра - прачытае свой сумны верш. Але такое - !.. І як балюча пераключацца з чаканага цяпла у халадэчу. Дзякуй. Моцна.