У полымі вясёлым печы
Рухавы скача чалавечак
Пад булькаценне чыгуноў,
Пад гучны трэск смалістых дроў.
У чыгуны, як у мішэні,
Ён вугалькоў шпурляе жмені
I не спыняе ні на міг
Кружэння ў стужках агнявых...
Калі ж агонь згасае ў печы —
У прысак лезе чалавечак
I спіць, згарнуўшыся клубком,
Чырвоным стаўшы вугальком.