Бацька прыйшоў.
На парозе прысеў,
з працы нібыта вярнуўся дахаты.
— Што ж ты адрокся, сынок, як і ўсе?
Што ж не адведаеш таты?
— Помніш,
маленькі, хапаўся за руль,
сынку,
бялявы, як сонейка...
I не схапіцца за:
«Тата, даруй!..» —
як за саломінку...
Дзе ж тваё поле
і жаўранкі дзе?
Крыж, ды півоні, ды месячык...
Выйсці на волю
хацеў да людзей —
дротам завязаны веснічкі.
Скрып калаўрота ў калодзеж упаў.
Кружаць над возерам чайкі.
Вецер з веранды выдзьмухвае пах
бацькавай
чорнай
фуфайкі...
Дзякуй Вам вялікі, спадар
Дзякуй Вам вялікі, спадар Міхась! Не мог чытаць гэты верш без вялікага ўзрушэньня і вільгаці на вачах. Кранае душу, бо кожны вясковы хлопец пазнае ў Вашым творы свайго бацьку, а ў Вашай цудоўнай мове тую незабыўную, родную, якой сёньня ўжо амаль не пачуеш... ДЗЯКУЙ!
Верш чытаю, а думы пра свайго
Верш чытаю, а думы пра свайго тату. Шчыміць і баліць. Не зрабіў. не пасьпеў, не сказаў...