Бацькоўская хата, бацькоўская хата!
Гляджу я на вокны твае вінавата.
Шапчу: «Прывітанне!» драўляненькай браме
І - боль, нібы, сэрца праткнулі нажамі.
Усё тут жывое, а сум з цішынёю
Агортвае постаць маю з галавою,
Ляцяць успаміны, як з выраю птушкі,
Дзе - тата, матуля, сынок і дачушкі.
Бацькоўская хата, бацькоўская хата!
Калісьці жылі тут матуля і тата,
Цяпло тут было і адчынены дзверы
Да шчасця, кахання, надзеі і веры.
Тут звалі мяне мілагучна: «Дачушка!»
Дарылі сваю смакату вішня, грушка…
Вяселлі, народзіны з шыкам гулялі.
Куток свой, як скарб, бераглі, шанавалі.
Бацькоўская хата! Бацькоўская хата!
У моры жыццёвым - мой ветразь крылаты!
Тут спалася соладка, елася смачна…
За гэта табе, мая хатка, удзячна.
У кожнага з нас ёсць хацінка такая.
Жыве там маленства, дзяцінства чакае…
Там кветкі цвітуць, што да сэрца прытуліш,
Бо ў іх прыгажосць і пяшчота матулі.
Бацькоўская хата! Бацькоўская хата!
Цяпер ты - багацце малодшага брата.
Чакай, сустракай яго дзетак і ўнукаў,
А мне выбачай майго сэрцайка муку.