Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Бацькоўскі кут

Сярэдняя: 4.8 (5 галасоў)

БАЦЬКОЎСКІ КУТ

Дзе ножкі мае босыя ступалі,
Трава найбольш гаючая расце,
І на Купалле, быццам знічкі ўпалі,
Найпрыгажэй тут папараць цвіце!

І сонца тут ярчэй і поўня свеціць,
І бліскавіц бліжэй няма чым тут.
Спакон найдаражэйшы у Сусвеце,
Асвечаны дажджом, бацькоўскі кут.

І тут найсаладзейшыя суніцы,
І тут найлагаднейшая рака.
Ў мяне ў старонцы роднай не сініца,
А журавель калодзежны ў руках.

З паклонам ён і днём дастане зорку,
Што для мяне за пазухай трымаў.
Аднак жа і такой рабіны горкай
Нідзе на белым свеце больш няма.

Як да сябе вяртанне я святкую.
Мне босым, як малому, добра йсці.
І найдаўжэй зязюлька тут кукуе, –
Нідзе такой зычлівай не знайсці.