БЕЛАРУСКАЯ ХАТКА*
Ў Беларускай хатцы у сталіцы
У каторы раз я рад пабыць, –
Як у храме, шчыра памаліцца,
Каб ніколі сэрцам не астыць
Да сваёй мінуўшчыны, да продкаў,
Што віхурным часам
як маглі,
Каб мы не спазналі долі горкай,
Бацькаўшчыны скарбы бераглі.
Ў Беларускай хатцы, у святліцы
Твары прасвятляліся ў людзей:
Як крыніцы чыстыя, ліліся
Песні беларускія з грудзей.
Танцы беларускія кружылі, –
Хіба хто адседжваўся ў куце!
І квітнелі, як валошкі ў жыце,
Вочы і ў дарослых, і ў дзяцей.
Беларускай хаткі сцены чулі
(Тут яны глухімі не былі):
Багдановіч, Смоліч і Бядуля
Аб Айчыне гутарку вялі.
І для іх не мог быць шэрым будзень, –
І праз хмары бачылі зару.
Недарэмна марылі, што будзе
Беларускай хаткай –
Беларусь.
* Клуб беларускай мастацкай інтэлігенцыі ў Мінску, які ў 1916 – 1920 гг. праводзіў культурна-асветніцкую работу. Дзейнасць клуба асвятлялася ў беларускім друку. Спроба адрадзіць культурна-асвет-ніцкую дзейнасць клуба ў 1921 г. не была падтрымана афіцыйнымі ўладамі.