Ачуняй, Беларус, наталі
Спадзяваньні Радзімы і мары-
Не дазволь, каб паўсталі зь зямлі
Папялішчаў нямыя абшары.
Ты стаміўся змагацца ў начы –
Ў безнадзейнасьці шчасьця падкова…
Ваяра сьцяг панік на плячы,
І нямее спрадвечная мова..
Не чакай, каб сьмяротная ціш
Разьвяла да свабоды паромы –
Непадзельныя годнасьць і крыж
Зьберагуць ад блуканьняў і стомы.
Да сябе, на зямлю васількоў,
У бусьлянку радзімага слова,
Беларус! Павяртайся ж дамоў –
Будаваць сваю волю ад нова.