Уладзю
Белыя фарбы зімы
Выткуць на вокнах карункі.
Любага краю малюнкі
Носім у памяці мы.
Ціхі самотны спакой,
Кронаў вячыстых трымценне,
Цэркаўкі над Палатой
Прыцемкам раннім свячэнне.
Гэта не будзе згасаць
I праз вякі не сатлее.
Гэта патрэбна пісаць
Тушшу, вуглём і алеем.
Гэтым змагацца і жыць,
Думаць і плакаць начамі.
Бо да апошняй мяжы
Мы назаўжды палачане.