Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Навум Гальпяровіч

galperovich.jpg

Нарадзіўся 14 студзеня 1948 года ў Полацку. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў грузчыкам на заводзе шкловалакна, карэктарам, літсупрацоўнікам у мясцовай газеце, вучыўся завочна на факульцеце журналістыкі БДУ. У 1977 годзе пераехаў у Наваполацк, дзе працаваў рэдактарам радыёвяшчання аб’яднання “Палімір”, карэспандэнтам гарадской газеты “Хімік”. З 1981 года – уласны карэспандэнт рэспубліканскага радыё ў рэгіёне, аўтар шматлікіх рэпартажаў, аналітычных матэрыялаў. З 1997 года жыве і працуе ў Мінску: намеснікам галоўнага рэдактара ў часопісе “Вожык”, затым намеснікам старшыні Саюза Беларускіх пісьменнікаў, галоўным дырэктарам замежнага вяшчання Беларускага радыё. Скончыў Віцебскі педагагічны інстытут.

Першы верш надрукаваў у гарадской газеце Наваполацка «Химик» у 1967 г. Адзін з аўтараў калектыўнага зборніка паэзіі «Сцяжына» (1983). У 1990 г. выйшаў зборнік вершаў «Брама». Аўтар кніг паэзіі “Востраў душы”, “Струна”, “Святло ў акне”, “Гэта ўсё для цябе” “Голас і рэха”, кнігі прозы “Шляхі і вяртанні”, а таксама шматлікіх публікацый у калектыўных сборніках і перыядычным друку.

На вершы Навума Гальпяровіча напісаны песні вядомымі беларускімі кампазітарамі Э. Зарыцкім, У. Буднікам, А. Елісеенкавым, В. Івановым і інш. Асобныя творы перакладзены на рускую, балгарскую, румынскую і польскую мовы.



Сярэдняя: 4.3 (4 галасоў)

***
Душа сумуе па душы.
Як неабходна ім сумоўе,
Нібы каханне ці здароўе,
Нібы само жаданне жыць.
Як гэта трэба , каб цябе
Мог нехта выслухаць зычліва!..
Так прагне промня сонца ніва ,
Так прагне снегу санак бег,
Вясну так мрояць капяжы,
Так б’юць з падземных вод крыніцы…
Душа сумуе па душы,
Каб ціхім шчасцем наталіцца.



Сярэдняя: 3 (2 галасоў)

***
Якое неба выблісне з аблок !..
Нібы кране істоту раптам неруш ,
Нібы з душы здымае боль і немач
Яго бясконцай вечнасці куток.
Гляджу на неба ў сцішанай мальбе
Пра лёс дзяцей і роднае краіны,
Пра дараванне за мае правіны,
Якія помню ў стоенай журбе.
Няўжо мне гэта мроілася ў сне :
І шчасце слёз , і боль , і крык мой немы,
І ратаванне , чыстае , як неба,
І светлае , як першы ў полі снег?..



Сярэдняя: 4.8 (6 галасоў)

“ Мне сняцца сны аб Беларусі…”
Я. Купала
Пралог

Каб пачынаць з чысцюткага ліста ,
Я б паўтарыў яшчэ не раз вандроўку
У велічны загадкавы Кітай ,
Пра што жадаю ўзгадваць я зноўку.

Нібы на стужцы , нагадае мне
Пра час нядаўні зноў карціна тая.
Як я стаю з сябрамі на Сцяне *
І ўголас Багдановіча чытаю.

Як уздымаўся ўвысь фунікулёр
Да неба , да аблокаў і вяршыняў,
І быў палёт да гор , нібы да зор.
Што пахаваліся ў нябёсах сініх.

І бачылася , што куды ні глянь ,
Прастора ўся напоўнена вякамі
І веліччу, нібы гара Тайшань ,
Якая паўставала перад намі.

І плыў над храмамі салодкі дым
І да яго працягвалі мы рукі.
Здаецца ні стагоддзі , ні гады
Спакой такі не здолелі парушыць.

Былі мы на радзіме мысляроў,
Настаўнікаў , асветнікаў , паэтаў,
Пісьмёнаў даўніх і таемных слоў.
Я лёсу зноў падзякую за гэта

І буду я яшчэ не раз казаць ,
Што толькі так сусвет спазнаць магчыма ,
Каб у кутках далёкіх пабываць
І ўбачыць зноў Радзіму прад вачыма.

* Вялікая Кітайская сцяна – унікальны помнік гісторыі і архітэктуры сусветнага значэння.

***

Якая над Шанхаем ноч плыве
І зоркі зіхацяць над хмарачосам !..
І цеплаход, і ветлыя матросы-
Усё гэта ўспамінам ажыве.

І я тады , на тым краі зямлі,
Маленькаю пясчынкаю сусвету
Адчуў усю бяскрайнюю планету
І сіл , раней не зведаных , прыліў.

Бо там і Мінск , і родны Полацк мой.
Якія так далёка ад Шанхая .
А паміж імі – я , як ніць жывая.
Уплеценая ў вечнасці сувой.

Гатэльны нумар , нібы той каўчэг ,
Ляцеў праз ноч , спякотны душны морак ,
Да вечнасці , да тых шанхайскіх зорак .
І быў яго імклівы лёт і бег.

Ды голас мне нашэптваў : “ Пачакай.
Вось толькі ў небе месяц заіскрыцца,
Табе Радзіма любая прысніцца
І прыплыве праз сон табе ў Шанхай.

Сон першы
Над цэркаўкаю промень залаты,
Нібы з нябёсаў таямнічых посах,
І Полацк , што падораны мне лёсам,
Не страціў сваю веліч праз гады.

А ў келлі адзінокай цішыня
І толькі дух нябачнай Ефрасінні.
Чакае ранак зноў у высях сініх
Пачатак новы маладога дня.

І Лік святы праз мроіва муроў
Вярнуўся ў храм праз сівізну стагоддзяў ,
Каб памяццю застацца у народзе ,
Каб светлым промнем засвяціцца зноў.

Бо фрэскам тым непадуладны час.
А як іх замалёўвалі вякамі !...

Ды зрушыўся вякоў замшэлы камень,
І вось яны ізноў прыйшлі да нас.

І я так верыў , полацкі хлапчук ,
Што слава майго горада аднойчы
Адкрые родным палачанам вочы,
Каб годнасць на зямлі сваёй адчуць.

Прадслава , сёння бачыў я праз сон ,
Як ты ступаеш басанож па полі
Да вечнасці , да еднасці , да волі ,
Праз тлум вірлівых і панылых дзён.

Каб Еўфрасінняю прыйсці да нас,
Нібыта светлым променем іскрыстым
І словам мудрым , як крыніца чыстым,
Нас бласлаўляць зноў праз вякі і час.

А потым бацька сніўся малады,
І думалася : ён , бадай , не знае,
Што сёння яго бачыў у Шанхаі,
Як крочыў ён праз мройны светлы дым.

Сон другі

Мае малыя , Оля і Максім ,
На возеры са мной у лодцы цеснай
Смяюцца і спяваюць звонка песні
І я старанна падпяваю ім.

І я яшчэ не ведаю , што тут,
Дачушка у Шанхаі будзе побач,
А з сынам буду дома , ў Мінску , поруч
Пісаць артыкулы пра родны кут.

Сцякаюць кроплі буйныя з вясла ,
Сінее лес на беразе далёкім,
І столькі сонца , возера , аблокі
Нам дораць і спагады , і цяпла …

Сон трэці

Над Прагаю буяе лістапад,
У золаце дамы , бульвары , храмы.
І казачныя рыцары і дамы
Ідуць паважна ў каралеўскі сад.

І мой зямляк у манціі сваёй.
Якога называюць тут Францыскам ,
Што выправіўся з дому ў шлях няблізкі,
Каб тут адвечны свой знайсці спакой.

Ад Полацка яго пачаўся шлях.
Яго, свой горад ён навек уславіў.
І помнік сваёй мудрасці паставіў
У друкаваных вылітых радках.

Ён на чужыне , як і я , праз ноч
Імкнуўся да Дзвіны , да ранкаў росных ,
Да вечароў , празрыстых і марозных ,
Да светлых мрояў і прыгожых сноў.

Як пчолы вуллі памятаюць, так.
Як птушкі гнёзды родныя , святыя ,
Ён нёс сваёй зямлі радзімай знак ,
Па ёй заўжды праносіў настальгію.

Сон чацвёрты
Ля Брацкай школы я хадзіў не раз
І там пад ціхі пошум думных кронаў
Узгадваў пра манаха Сімеона,
Пра яго вучняў , пра суровы час.
Калі яго паклікала ў Маскву
Паэзіі высокае служэнне
І рыфмаў размаітае мігценне,
Што назаўжды ўскружыла галаву.

І там , у клетцы залатой , калі
Сярод палат раскошных і харомаў
Імкнуўся ён у думках пакрыёма
Да полацкай адвечнае зямлі.

Бо Полацкім назваўся назаўжды,
Пакінуўшы ў гісторыі найменне.
Высокае , як дух і як знаменне
Нам , каб яно свяціла ўсім заўжды.

Сон пяты

На светлым лузе над Дняпром сівым
Ідзеш , бялявы , ўмешлівы , прыгожы.
Гаворыш мне пра ЛІМ. Пра лёс , пра “ Вожык “.
Пра ўсё , калі ты быў яшчэ жывым.

Цябе каторы раз прысніў я зноў.
І кожны раз, калі ідзеш праз лета .
Праз луг , які завецца Пісьмянкоў,
Куды збіраюць кожны год паэтаў.

І ціснецца салёная сляза ,
І даўні твой радок перафразую :
-Алесь , табе не хочацца назад ?
І ведаю : адказу не пачую.

Замест эпілога
Так у шанхайскай ночы я прысніў
Усё , што жывіць мроі і памкненні.
І ў гэтым дзіўным летуценным сненні
Сваёй Радзімай дарагой я жыў.

Так шмат цудоўных месцаў ёсць вакол.
Але чаму сваё шукаюць вочы?
Чаму ізноў прачнуся сярод ночы.
Убачыўшы світанне над ракой?..

І цэркаўкі маленькай сілуэт,
І саду красавіцкія пялёсткі,
І Беларусі гарады і вёскі—
Адзіны назаўжды Айчыны свет.

Яна – маё натхненне і выток .
Яна – мая нявеста і каханка .
Пяшчотная , як маці калыханка.
Нібы гаючае вады глыток .

Я не стамлюся пра яе спяваць!
І хай ўвальецца гэты сціплы голас.
Нібы зярнятка ў поўны спелы колас .
І большага не стану я жадаць.
Лім №43 за 1 лістапада 2013г.