Пад поўневым святлом працую ў садзе.
Ноч на Пакровы: холад, вільгаць, змрок.
І ў гаспадарцы, і ў сям'і бязладдзе,
і поле духу абрабіць не змог.
Зграбаю ў гурбы лісце дзён забітых,
нязбыўнае на вогнішчы палю.
Ляцяць да зорак іскры самавіта,
ды, згасшы, ападаюць на зямлю.
Дзён і начэй маіх цяпер замала,
каб хоць бы нешта, збольшага, паспець.
Гарыць жыццё, як пустацвет збуялы, –
да раніцы майму вуголлю тлець.