Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Алесь Бакач

Сярэдняя: 4.3 (19 галасоў)

Беларусаў – няма!
Вывучаем дарма
мы няродную мову ў школе.
Мы яе адмялі,
з Божых рук не ўзялі –
і народу не стала болей.

З нас што хочаш ляпі:
хоць любі, хоць забі,
кожны кожнаму катам родным.
Будзе вечна наш лёс
цяжкай карай нябёс
за адрынуты дух народны.



Сярэдняя: 4.4 (8 галасоў)

Пад поўневым святлом працую ў садзе.
Ноч на Пакровы: холад, вільгаць, змрок.
І ў гаспадарцы, і ў сям'і бязладдзе,
і поле духу абрабіць не змог.

Зграбаю ў гурбы лісце дзён забітых,
нязбыўнае на вогнішчы палю.
Ляцяць да зорак іскры самавіта,
ды, згасшы, ападаюць на зямлю.

Дзён і начэй маіх цяпер замала,
каб хоць бы нешта, збольшага, паспець.
Гарыць жыццё, як пустацвет збуялы, –
да раніцы майму вуголлю тлець.



Сярэдняя: 4.8 (6 галасоў)

Зачапіліся думкі адна аб адну
і забралі спакой, і пазбавілі сну.
Наляцеў цэлы рой успамінаў і мар,
і да рання душыў разумовы кашмар.
Асалоду і боль я ізноў пражываў,
аб мінулым тужыў, сам сябе шкадаваў.
Планы бралі ўзахоп: што сказаць, што зрабіць…
І… плялася паэзіі тонкая ніць,
і выбліскваў радок, нібы першы прамень,
і бяссонне вяло ў новы сонечны дзень.



Сярэдняя: 4.3 (4 галасоў)

Віктару Сырыцу,
старшыні Баранавіцкай гарадской Рады
Таварыства беларускай мовы

На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!
Янка Купала “На сход!”

Эх, сябра Вітусь, летуценнік,
хацеў сабраць народны сход!..
А дзе ж народ? Ёсць “население” –
яно без мовы – не народ.

Меў суд і штраф ты ад “смотрящих”,
каб нават пікнуць люд не змог.
Ды не скарыўся, не злядашчаў.
Дух беларускі – перамог!

Хоць ведаў вынік да пачатку,
ды, ахвяруючы сабой,
ты смела кінуў злу пальчатку,
бо ты – народ, бо ты – герой!