Чаму з маленства, з ураджэнства
Ў жыццёвы май
Не ўмеў, як маці, шанаваці
Цябе, мой край?
То ж я з тваёю ключавою
Святой вадой
Напіўся болю аб нядолі,
Бядзе людской.
То ж ты, мой хмуры, даў мне пануры
I ціхі гнеў,
А днём падчасным, так пекным, ясным,
Надзею грэў.
Твае ж курганы, лясы, паляны,
Дубкоў тых шум,
Палёў абшары, люд бедны, шары
Мне далі дум.
А дум тых многа... Не, не убога
Ты даў мне іх.
I ты ж, як маці, наўчыў спяваці
Аб думах тых.
Я браў, не бачыў і не аддзячыў
Табе нічым,
Бо счараваны — цябе, ўкаханы,
Не знаў саўсім.
Цяпер хоць знаю, дык што ж параю
Ад позніх скрух?
Ў чужой краіне паволі гіне
За целам — дух.
Вазьмі ж хоць спевы, дум перапевы
Лясоў тваіх.
З тваёі глебы, з тваёга неба
Узяў я іх.