Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Алесь Гарун

Нарадзіўся 11 сакавіка 1887 года у ваколіцах Мінска ў сям'і чорнарабочага. Сапраўднае імя — Аляксандр Прушынскі. Скончыў гарадское прыхацкое вучылішча (1897), вучыўся ў рамесніцкім вучылішчы на чырвонадрэўшчыка. У 1904 г. уступіў у партыю эсэраў, стаў актыўным падпольшчыкам. За рэвалюцыйную дзейнасць у 1907 г. арыштаваны і высланы на пасяленне ў Сібір. Ссылку адбываў у Іркуцкай губерніі. У верасні 1917 вярнуўся ў Мінск хворым на сухоты. Віцэ-старшыня Усебеларускага з'езда 1917; удзельнічаў у стварэнні БНР. Рэдагаваў газету "Беларускі шлях" (1918). У час польскай акупацыі быў членам Беларускай вайсковай камісіі, Часовага беларускага нацыянальнага камітэту (з 12.8 да 17.10.1919 — старшыня). У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве.

У друку дэбютаваў вершам "Маці-Беларусі" ў 1907 г. ("Наша ніва"). Выступаў з публікацыямі вершаў і апавяданняў у газетах "Наша ніва", "Беларус", "Вольная Беларусь". У 1918 г. выйшаў зборнік "Матчын дар". У 1920 г. — зборнік п'ес для дзяцей "Жывыя казкі".

Выступаў як паэт, празаік, публіцыст, дзіцячы пісьменнік.

garun.jpeg


Яшчэ не ацэнена

Ідуць сабе гады, ідуць,
Бы карагод, бясконца,
Што ў небе зорачкі вядуць
Ля месяца, ля сонца.
Ідуць сабе гады, ідуць -
І чалавек за імі.
Куды цябе яны вядуць
І сьцежкамі якімі?
"Няведама мне, скуль усё і што я;
Няведама мне сама сьцежка мая,
Няведама мне, і куды я іду.
Пытаньня не маю, ці што там знайду,
Не ведаю жыцьцё, ці шчасьце, ці не, -
Пачалося гэта, браток, не на мне".

Ідуць гады, ідуць гады,
І зь імі ўсё на сьвеце.
Сягоньня ты, а йшлі дзяды,
А заўтра пойдуць дзеці.
Ідуць гады, і ты ідзеш
Ўздагонь за імі, зь імі.
Нашто, скажы мне, ты жывеш
І з думкамі якімі?
"З аднэю я думкай у сьвеце жыву,
Настаўнікам узяўшы і лес і траву,
Крыніцы, і кветкі, і цемру, і сьвет,
І месяц, і зоры, і сонца прывет.
Прысуджаны шлях свой рабі дарагім,
Красуйся на радасьць сябе і другім".



Сярэдняя: 3.9 (14 галасоў)

Брацця, к агульнаму шчасцю
Трэба жыццё кіраваць.
Роўнасць, братэрства і згода
Будуць нам шлях асвятляць.

Згоднай, вялікай сям'ёю
Пойдзем к дзяньком залатым,
З думаю ў сэрцы святою,
З нашым жаданнем адным.

Крыўды людской нам не трэба,
Слёз не бажаем ніч'іх,
Хочам, каб з яснага неба
Сонца свяціла для ўсіх.

Досыць было панавання
Квотнікаў злых, махляроў,
Досыць для нас гаравання,
Новых паклічам майстроў.

Мусім народ абудзіці,
Голасна мусім пазваць:
Гэй, хто работнік? Хадзіце
Новы ўсім лад будаваць!

Будуць для ўсіх там палацы,
Стане на ўсіх там цяпла,
Ў панстве братэрства і працы,
Вольнасці, хлеба й святла.



Сярэдняя: 4.5 (13 галасоў)

Цябе спаткаў і сам не знаю,
Ад сэрца шчырага кажу,
Якую, дзеўча, думку маю
І спеў аб тым які злажу.

Здаецца, нешта ўскаланула
Ў душы маёй ты незнарок,
Былога струны закранула, -
Звіняць ледзь чутна аддалёк.

Ці ж будзе час, што нам спаткацца
Яшчэ раз здарыцца калі,
І струны сэрца разбрымяцца
У тыя песні, што былі?

Ніхто не скажа! Толькі знаю
І не ўтаюся ад цябе:
Няхай цябе я не спаткаю, -
Пакінеш след ты па сабе.

І ў час, калі гадзінай шарай
Сярод бязлюддзя пустаты
Нуда абляжэць чорнай хмарай,
Праменнем сонца будзеш ты!