Чытай
Верш.
Ліхтарным слупам,
Вуліцы
З прахалодай ад сцен будынкаў,
Асфальту з яго вечаровай і душнай дымкай
Чытай
Верш.
Голасам гучным, сарваным у вечных сварках,
Моўчкі, вачамі глытаючы цемру паркаў,
Хаваючы ў куртцы
Зорку, яшчэ жывую!
Чытай, калі ласка.
Ты толькі чытай, чуеш?
Крокам па кроку, без страху
І без аглядкі,
Па тратуарах, нябёсах празрыста-вадкіх,
Цераз кустоўі і за гарызонты - пешшу!
Кожная вусціш аднойчы паўстане
Вершам...
Нават калі, саступіўшы з галоўнай тэмы,
Сэрца, згубіўшыся, квола спытае:
"Дзе мы?" -
Ты не зважай
І наперад глядзі з любоўю.
Кожная горыч - маленькае двухрадкоўе,
Сіняя хмарка на вейцы тваёй паэмы.
Чытай
Верш -
Словамі, позіркам, самай патрэбнай справай,
Зведай дарогі, сузор'і, лясы і травы,
З верай спяшайся за марай -
Дзіўной гарэзай...
І зразумееш, што кожны твой крок -
Паэзія.