Баяцца паэты прастояў.
Як гнёт: «Ні дня без радка...»
З парожняга ды ў пустое —
Абы не гуляла рука.
А што гэта значыць — прастоі?
А гэта — вяртанне ў свет,
А гэта... а гэта ўсё тое,
Што знаў «да паэта» паэт.
Што ў сэрцы насіў і песціў
I чым не прарочыў, а жыў,
Што ўпохапкі словам не збэсціў —
Адзіным, застылым, чужым.
Кайданнае наканаванне,
Як гнёт: «Ні дня...» — Праз вякі.
I птушак, і дум кальцаванне,
Што трапілі з неба ў сілкі.
А вечнасць — пакуль яшчэ тайны
Не знае рука.
Радок — гэта знак. I звычайнасць.
Пакуты і лёс — да радка.