Было гэта ў часы Саюза,
Як нарыхтоўкі дроў ішлі…
Сябры на лоб шукалі гуза –
Вядома, што яго знайшлі!
А працавалі ў спецбрыгадзе:
Лесхоз лес валіць дзень пры дні,
Яны ж пасля, па спецзагадзе
Звычайна, рвалі толам пні.
Каб на расчышчаных палянах
Праз год, а можа і праз два,
Як прадугледжвалася ў планах,
Раслі там дрэвы і трава.
Рабочы дзень як завяршаўся,
Брыгада ехала дамоў…
Мікола памагаць стараўся
І сваяку прывозіў дроў.
Бо той дзядок – старэнькі, хворы,
Меў сад і вуллі пчол трымаў,
Сядзеў на лаўцы, віў аборы,
Але часцей за ўсё драмаў.
Хаця было ў дзеда хобі:
Меў невялічкі агрэгат…
Калі няўцям якой асобе –
Меў самагонны апарат.
Пасярод пушчы хутар дзедаў –
Міліцыі не да яго…
Хто толькі ў дзеда не абедаў -
Пакаштаваў пяршак яго.
Мікола, як сваяк, вядома,
Таксама часта тут бываў.
Усё зрабіўшы каля дома,
Пяршак таксама спрабаваў.
Сказаў аднойчы дзед: - Мікола!
Я ў садзе грушу спілаваў.
З камля зраблю да воза кола,
А пень вось… Як ні карчаваў
Не удаецца, каб ён згінуў,
Дастаць, праклятага, з зямлі.
Каб я з натугі не загінуў,
Вы б, можа, хлопцы, памаглі.
Мікола дзеду: -Што раз плюнуць.
Бутэльку дзед гатуй тады!
Пад пень той пару шашак сунуць –
Не будзеш болей мець бяды.
Назаўтра, як пасля работы
Брыгада ехала дамоў,
Заехалі да дзеда. Што ты!
Не стол, а цэнтр перамоў!
Чаго там толькі не хапала:
І агуркі, і каўбаса,
І мёд… А пасярод стаяла
Бутэлька! З водкай, як раса!
Сябры рашылі перш паесці
І, ясна, выпіць па сто грам…
Мікола ўсім сказаў не лезці,
Бо ўсё, што трэба, зробіць сам.
Пад пень падсунуў шашак пару…
Пасля яшчэ… І пару зноў…
Апаражніць каб толькі тару –
Не везці ж іх цяпер дамоў.
Затым, каманду даў схавацца
Усім за хату ці за хлеў.
Ля пня і сам не мог застацца,
Бо ўжо бікфордаў шнур гарэў.
Калі рванула – з вокнаў хаты
Павылятала шкло ўсё…
Сабака ў будцы выў кудлаты,
Ў хляве віжчэла парасё…
Для дзеда, ясна, гэта драма!
Вуллі, без пчол, стаяць адны,
А дзе быў пень – такая яма,
Як пасля атамнай вайны!
Стары ля хаты лямантуе:
-А Божа! Гэта ж метраў пяць!
Засыпаць яму каб такую
Дык трактар трэба мне наняць.
Мікола дзеду: -Яму маеш!..
І выдаў лепшую з залеп:
-Ты не крычы. Чуць падраўняеш…
Накрыеш… Добры будзе склеп!
Дзмітрый Краскоўскі (п.Івянец)