Дождж, пракраўшыся ў храм па карнізе,
твар праявіць на белай сцяне.
I царква, нібы вежа ў Пізе,
нахіліўшыся, ў рэчку зірне.
Дождж абмые, напоіць, загоіць —
лісце, вербы і фрэскавы твар.
Нібы неба пярэстае доіць —
за вяроўкі цягае званар.
Дождж стаіць ля царквы, як прыдзвернік,
як ля хорама бедны сваяк,
як ля храма разгублены вернік,
што малітву не ўспомніць ніяк.
Дождж пусціце ў ладанную прошчу!
Ён стаміўся стаяць, грэшны дождж.
Ён ляцеў, разбіваўся аб плошчу,
уставаў, прадзіраўся праз хвошч.
Дождж на звонніцу сеецца скупа,
лёгкі, светлы, амаль што сухі.
Расчыніце не дзверы, а купал —
дождж жадае замольваць грахі!
Дождж — ён марыў пра райскія кушчы,
ды спагады людской не сустрэў
і пайшоў у паганскія пушчы,
дзе ён сам — бог для кветак і дрэў.
Дождж...
Яки цуд!
Яки цуд!
Даўно-даўно меў шчасьце чуць
Даўно-даўно меў шчасьце чуць верш ад аўтара. Потым яшчэ некалькі разоў прасіў яго пачытаць. Для мяне, дык гэта адзін з найлепшых ягоных вершаў.
дзякуй!Моцна, цікава і, калі
дзякуй!Моцна, цікава і, калі можна так сказаць, крылата.Некалькі разоў перачатаўшы, зразумела, што верш аўтабіяграфічны.
Прыгожы, добры верш. Удалы.
Прыгожы, добры верш. Удалы. Янка