Дождж насцёбваў, біў у парасон,
Што падатліва ад ветру гнуўся,
Засякаў на мокрае крысо
і да слоты бруднае імкнуўся.
Ты пайшоў. А я не веру. Сон.
Гэта сон, і хутка я прачнуся.
Ты пайшоў і сэрцы ва ўнісон
Больш не б’юцца –
свет перавярнуўся.
Словы – прыкрасць, вострае лязо.
Розумам з адчаю б не крануцца.
Ты пайшоў. А я не веру… Сон.
Толькі сон. Ды сіл няма прачнуцца.
Дождж захлістваў, рваў мой парасон.
Роспач. Хоць бы ў ёй не захлынуцца.
Ты пайшоў, каб не застацца зноў.
Ты пайшоў…
Каб болей не вярнуцца.