Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Дудка між кайданаў

Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)
                               Ад пустых слоў ніва не зазелянее.
                                          Усходняя народная мудрасць

1. Клічуць сыны народ

Звіняць праз Расію ў Сібір кайданы, —
Цар скасаваў прыгон...
Заходняга краю ўдалыя сыны
Змесці клянуцца трон.

Бывай жа, навука, кар'ера, бывай, —
Нельга ўбаку стаяць.
Праз меру салодкі імперскі рай,
Зубы ажно трашчаць.

Уссеў Беларусі на грудзі арол,
Хоча ў дзве дзюбы піць...
Устаньма, браты, хто ў лёце сакол,
Станьма арла зваліць!

«Бязмоўны, пакорны тутэйшы мужык;
На думкі-жаданні — няўрод», —
Дарма задаволены тронны язык;
Клічуць сыны народ!..
 
             2. Доцішскі настаўнік

Дарогі і сцежкі — хто ж вас палічыць!
А трэба на кожную сыну ступіць...
Паўстала наперадзе вёскі аблічча, —
Вось тут Багушэвічу клікаць-вучыць.

Настаўнік для бедных у панскім палацы,
Найпершы настаўнік тлумачыць урок.
Выразна смакуюць гаротныя пальцы
Нязнаных літэраў няпэўны пакрок.

Асыпала двойчы ўжо восень лістоту,
Шырэе святло ў дзіцячых вачах.
Карэніцца ў сэрцайках крыўда-спякота,
Яшчэ ім пазвоніць свой час на мячах...

Уражана вёска; затухла лучына...
Вось толькі ад'ехаў Кастусь дарагі.
«Мужыцкая праўда» выпроствае спіны,
Апальвае гневам старыя даўгі!..

  3. Хто ж там у жыце ляжыць?..

Марна шукаць той разрыў-травы,
Каб кайданы скрушыць.
Стрэльбы і косы дадуць правы,
Йначай —
                   не трэба й жыць.

Коні імчаць да святой мяжы;
Варта жыццё аддаць!..
...Хто ж там у жыце з канём ляжыць,
Цяжка спрабуе ўстаць?..

Блізкія стрэлы паветра рвуць,
ІІІаблі адтуль чуваць;
Там касінеры на смерць ідуць;
Коннік спрабуе ўстаць...
 
— Божа!.. Настаўнік?! Нага... і кроў...
— Янка, хутчэй каня!..
Ногі — у страмёнах, штуцэр узвёў, —
Дзякуй, сакаляня!..

             4. Змоўклі Лукішкі...

                        За такія хвіліны ненавідзяць дзе-
                        сяць гадоў, помсцяць усё жыццё. Го-
                        ра тым, хто даруе за такія хвіліны.
                                                                 А. ГЕРЦЭН

Колькі братоў злажылі галовы,
Колькі сатне іх кат!..
Выплыла слізкае здраднае слова, —
Душыць усё падрад.

Справа святая ў муках канае.
Стаў пад пятлю й Кастусь.
Радасна дзюбы арол трымае.
Дзеліць жалобу Русь.

Змоўклі Лукішкі, чуюцца ўсхліпы,
Сцяліся дзецюкі...
Вунь як настырчылі боязна хібы
Штатныя ганчакі.

Светлы Кастусь, як апошняя зорка,
Зараз ужо згарыць...
Ные нага, і жыцце агоркла,
Заўтра — пятлёй вісіць...

5. Пятнаццаць год галосіць вецер...

Гады расстання — не сустрэчы...
Галосіць вецер чужыны.
Гартуе горасныя плечы
Боль Тарасовай стараны.
 
Украйна — родная сястрыца, —
Кайданны звон і духа стогн, —
Даўно захмарана імжыцца;
Такі ж няпэўны лёсу чоўн.

Ідуць гады — амаль пустэчы.
Напоўніў сэрца большы гнеў.
...Спяшае дзень, цяпло сустрэчы:
Браты! Радзіма!.. Ветру спеў!..

           6. Мужыцкі адвакат

Пад дых мужыку законаў дышла.
Мераюць праўду за тоўсты капшук.
Сядзіць у талмудах гной велькапышны,
Крывіць ад мовы тутэйшы лычук.

... Самому сабачыя вочы пазычыць?
Грошы на справах судовых хапаць?
Глядзець на тутэйшых сыценькім лычам
Мовы звысоку не пазнаваць?..

He будзе такога, панове, — не будзе!..
Злосна ківаюць у бок дзівака:
Бароніць прысяжны павераны
                                                    ў брудзе
Хама апошняга — мужыка.

Калегі ў фраках, гладкія пыскі,
He ўразумець вам за жабін свой век;
Пад шэраю світкаю: самы найблізкі,
Брат па няволі і — Чалавек!..

      7. Сяброў засталося нямнога

Сяброў засталося нямнога,
Па многіх капцы стаяць.
Амаль у самоце дарога.
Звіняць кайданы, звіняць...
 
Аблогаю клопат «іх» царскі:
У клетцы адной трымаць;
Лягчэй бізунамі ляскаць.
Звіняць кайданы, звіняць...

Вялікага краю мільёны
Прымусіць аб родным маўчаць?!
Нянавісць штурхае свядомых, —
Звіняць кайданы, звіняць...

Мінуўшчына слаўная сочыць;
Курганы й капцы глядзяць:
Няўжо так бясслаўна скончым?!
Звіняць кайданы, звіняць...

              8. Галасы на вадзе

Месяц золатам водбліск на рэку кладзе;
Вільня лепшую долю сніць.
Галасы на вадзе... галасы на вадзе...
Хтосьці вяжа размовы ніць:

— Я народу свайму кнігу першую даў,
Мова ж наша — цудоўна, брат,
Ты каб новыя кнігі на ёй напісаў
Для святых беларускіх хат...

А вось голас другі, так знаёмы да слёз:
— Помніш, братка, я верш любіў.
Вось бы ім ты мужыцкую праўду ўзнёс,
З думаў цяжар кайданны збіў.

Называцца паэтам святое зямлі, —
Гонар большы ці можна мець!
Колькі талентаў нашых цямніцы звялі...
Ды ўсё роўна мы будзем пець!!!
 
         9. Гэй, братцы зямліцы маёй!

                            «Эх, скручу я дудку!
                            Такое зайграю,
                            Што усім будзе чутка
                            Ад краю да краю!»

Гэй, братцы і дзеці зямліцы маёй!
Паслухайце праўду на мове сваёй.
Ніхто нас не хоча па імю назваць,
За роўных не хочуць у свеце прыняць.

Як доўга і жорстка арлы нас дзяруць;
Сляпіцаю лезуць, сваімі завуць.
Цяпер двухгаловы пануе паўсюль;
Ён сам вырашае, чые мы, адкуль...

На целах, на душах, на межах звініць
Няволя. У спадчыну дзетак спавіць?!
Дакуль жа нам мову, як злодзей, хаваць?
Дакуль жа нам, сціснуўшы зубы, спяваць?.

Ці правільна так распарадкаваў Бог,
Што праўдзе адзіны прытулак — астрог?!
...Падумай, калі над сахой, мужычок,
Ці вартае піша Мацей Бурачок...

   10. Свая хатка

                   «Дагарае рэшта вецця
                   У пячурцы ў хаце.
                   I гаворыць нешта ў сэрцы:
                   Так і з табой, браце... »

У судзе, у талмудах
Меншае жыцця.
Творчыя пакуты —
I ланцуг быцця...

Лютая варожасць
Сытых лычаў-пыс.
Лёс на дол варожыць,
Скону вунь абрыс.
 
Можа, адагрэе
Хатка сярод ніў?..
Ды вярбу-надзею
Вецер пахіліў...

«Хатку» збілі цеслі, —
У світках шэрых людцы,
Для якіх ён песні
Граў на слаўнай дудцы...

  11. Грае дудка, грае...

Так доўга быць не можа, —
Павінна быць іначай;
Паўнее крыўды ложа;
Мужык спрабуе бачыць.

Глядзіць па-над сахою,
Над праўдай разважае;
Перад касцёл-царквою
He ўсё адспавядае;

Таемнае — затоіць.
He біце больш у звона...
Яшчэ ён свет пакроіць;
Мужык вам — не варона!..

Цара вось толькі ўгледзіць
Такім, як ёсць, «праўдзівым»...
А ўжо тады ўмядзведзіць
Па тронных дзюбах-крылах!..

               12. Суд над паэтам

Шкада, ужо нічога, паэце, не чуеш, —
Крышталіць вадзіцу жвіровы пясок, —
Як вершам крамольным ты цара
                                                       муштруеш;
На суд цябе клічуць, Мацей Бурачок...
 
Няма там паэта, а судзяць зацята:
За кніжкі мужыцкія — вон у Сібір!..
Ты чуеш, паэце, — удзячная плата.
Крышталіць вадзіцу бясконцую жвір...

Ужо будуць і суддзі асуджаны скора.
Ідуць званары пазваніць на мячах.
Цяпер-то гатовы і стрэльбы, і порах,
I гнеў набалелы ў ясных вачах!..

I грымнецца долу, каб болей не ўзняцца
Пракляты двухдзюбы і «прочая» гнюсь.
I ўпіша імёны ўцалелаяе брацтва
На ўдзячнае дбанне ў Белую Русь!..