Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Думы хворага караля Аляксандра

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Думы хворага караля Аляксандра на шляху з Ліды ў Вільна
(у памяць аб падзеях 1506 года)

Апалчэнне ўзначаліць прызваны,
апалчэнцаў кароль не павёў.
Вось ляжыць ён, паралізаваны,
у калысцы паміж двух канёў.

“Люд літвінскі! Час смерці мой блізка!
Без мяне перамогу здабудзь!
Павядуць войска Кішка і Глінскі
і ля Клецка татараў паб’юць.

Афарбуюць крывёю татарскай
апалчэнцы Літвы Лань-раку.
Вунь за гэта ўздымаецца чаркай
сонца справа, ва ўсходнім баку!

Уздымаецца за перамогу
сонца-чарка з крывавым віном.
Асвятляе мне ў Вільна дарогу,
цела слабае лашчыць яно.

Вунь як неба на ўсходзе зардзела!
Ды крылом засланяючы дзень,
над разбітым паралічам целам
нехта лётае, кідае цень.

Смерць-крумкач нада мною кружыцца.
Толькі веру: дзён колькі міне –
навіна аб разгроме чужынца
перад смерцю суцешыць мяне.

І пакажацца ў яркай прасторы
не крумкач, а пасланец-анёл…”
Думаў так Аляксандр, цяжкахворы,
у калысцы паміж двух канёў…