Душа ізноў шукае словы,
Каб на ўспамін зарыфмаваць
Непараўнальны пах ліпОвы –
Зямлі і неба благадаць.
Глынеш раз-пораз дзеля спробы –
“Ну й смаката! Бы той бальзам!”
Усім навокал даспадобы:
Людзям, і пчолам, і чмялям.
Такі салодкі і духмяны
І так букет трымае свой,
Што п’еш паветра апантана –
Бы крэпкі ліпеньскай напой!
Калі ж сыходзіць летні вечар
І водар чуецца мацней,
На ліпе ўспыхваюць, бы свечы,
Мільёны кветачак-агней.
А пах ад іх такі багаты,
Што не заблудзіць і сляпы
І адгукнецца: “Што за свята –
Квіценне буйнае ліпЫ!”
2.07.2010