Дыханне вясны
Да Сонца ў планет карагодзе
наш край зямны шар павярнуў –
у парку зіму мы праводзім
і дружна гукаем вясну.
“Вясна з галавой кучаравай,
прыйдзі, страх на снег нагані!”
Распальваем вогнішча жвава
і палім зіму на агні.
Палез па слупу ледзяному
за прызам учэпісты хлопец.
Балеем, глядзім. Невядома,
ці ўніз саслізне, ці прыхопіць.
Захоплена кідае снежкі
ў мішэнь на фанеры дзяўчына.
Ад нас усіх просьбу вясне кінь,
каб сонейка не прытушыла!
Вясны адчуваем дыханне
і пах шашлыкоў ды бліноў.
Мароз безнадзейна ўздыхае
і ўкладвае ў ножны клінок.
“Завеі мяне вінавацяць
у слабасці. Годзе! Маўчыце!
Канчаю з вясной ваяваць я:
вясну ўжо не перамагчы мне”.