Дзень прапаў у мяне...
А як хораша ён пачынаўся!
Як ён птахам дзівосным увысь узлятаў,
як іскрыўся і ззяў,
калі я прачынаўся!
I не згледзеў,
калі адляцеў і сканаў,
склаўшы — ціха так — крылы
(Толькі стужкай расстайнай зары памахаў
мне з небасхілу).
Дзень прапаў...
У мяне яго ўкралі з-пад носа
(I чапляўся ж ён так за мяне
пальцамі сонечных промняў з нябёсаў!).
Дзень прапаў...
He пярсцёнак,
не золата,
не каралі —
Дзень укралі ў мяне,
дзень укралі!
Я прыгадваць пачаў,
хто ж украў яго ўсё-такі, дзень мой,
Дзе шукаць яго толькі,
у якіх — мо хто бачыў — зладзеяў?
Так, зладзеі былі!
Вунь ён, злодзей — тралейбус
(Як ён пхнуўся па вуліцы,
турзаўся,
як ён бяздарна людзей вёз!).
Сход — другі са зладзеяў
(Так пакрасамоўнічаць там
хацелася кожнаму!
Гадзіны мо тры таўклі ваду ў ступе,
пералівалі
з пустога ў парожняе!).
Трэці злодзей быў лектар
(«Атрымалася накладка, таварышы,
казаў прафорг, трошкі яшчэ пацярпіце:
Хай сваё аддалдоніць —
і яму ж трэба жыць як!»).
Чацвёртым злодзеем была чарга,
што вілася змяёю ля крамы —
вы даруйце мне, вікінгі,
Я недзе пасля пра вас пачытаю:
нешта выкінулі!
А яшчэ... Ды ці злічыш зладзеяў усіх,
якія
(мо трэба было трымаць абцугамі?)
Па хвілінах
мой дзень,
як ваўкі, расцягалі!
Дзень прапаў у мяне...
Дзень гэты доля дала мне,
спусціўшы на сонечных струнах —
Каб іграў і свяціў...
Які зраўняцца з ім можа
дарунак?
Ён адзіны быў. Гэткага болей не будзе!
I вось у бездань стагоддзяў
(паспрабуй адшукаць цяпер там)
ён кануў.
Як камень.
Дзень прапаў у мяне!
Дзень!
Калі Кастусь Цвірка яшчэ не
Калі Кастусь Цвірка яшчэ не набыў званне Народнага пісьменніка, дык верш гэты, яўна, народны, настолькі пазнавальны для кожнага з нас. Яго трэба вывучаць яшчэ ў школе, каб новыя пакаленні нават не памкнуліся скрасці час чалавечага жыцця. Сэнс пададзены настолькі энергічна, трапна, выразна, прачула, што ўражвае і запамінаецца адразу.
Ёмкі верш, сэнсоўны! Вялікі
Ёмкі верш, сэнсоўны! Вялікі дзякуй аўтару, які задумаўся аб каштоўнасці аднаго! дня ў жыцці!!!
Вельмi добра. Цудоўна.
Вельмi добра. Цудоўна.