ДЗЕЦІ ПУСТЫНІ
У свеце блукаем адно,
акаянныя дзеці пустыні,
І — непрыкутыя —
ходзім наўпрост і наўсцяж.
І дзе ні ступіць нага —
там чарнобылі стануць, хатыні,
І куды вока ні гляне —
паўстане падманны міраж.
Што мы за людзі?
Якога мы роду-заводу?
Скуль мы прыйшлі
і куды нас пракляцце
вядзе?..
Шмат, паглядзеўшы,
навокал натоўпу-народу,
Толькі затым
чалавека не бачна
нідзе.
Божа святы! Вы —
святыя апостальскай веры!
Ці ж вы не бачыце,
ці анямелі вы ўсе?!
Скуль напладзілася
здрайцаў-іудаў
без меры,
Што зніштажаюць,
паганяць
усё
пакрысе?
Веру —
ў бязвер’е
нікчэмнае
ператвараюць.
Праўду —
з хлуснёю
імкнуцца
дашчэнту
змяшаць, —
Бо над усімі —
уладу бязмежную маюць,
Бо ім на кожнага —
кожнага з нас —
напляваць.
Хто мы для іх? —
Анямелыя дзеці пустыні,
Што адцураліся
веры і праўды
святой…
І калі нават усе мы
заўчасна
загінем —
Хтосьці адродзіцца
з іх
у малельлі пустой.
Будзе ізноў
заклікаць
да Вышэйшае Рады,
Будзе ізноў
прысягаць
на распяцці святым
Толькі затым,
каб аднойчы
“даверліва”
здрадзіць, —
Толькі затым!
Божа мой правы!
Чаму так ужо павялося
З часу далёкага
і да апошняга дня,
Што з дзікім гойсаннем
вецер
брыдоту
разносіць,
А падпявае яму —
ашалелае ў дошку —
гайня?
Злітуйся, Божа!
Не дай закарэць нашым сэрцам —
Вымалі іх,
ад халоднай зімы
уратуй,
Засцеражы ад згрызоты —
сканаць ў паняверцы, —
Божа, пачуй!.................................................................