Як Івянецкі дом наведаць?
Дзіцячы... Што тут гаварыць...
Вакзал вам трэба толькі ведаць –
Насупраць гэты дом стаіць.
Вас тут сустрэне смех дзіцячы,
Спытаюць хто вы і адкуль,
Раскажуць пра сябе, няйначай,
Чакаць вы будзеце пакуль.
Адзін раскажа, што дадому
Яго ўжо хутка забяруць...
І вы паверыце!.. Ды толькі...
Хто забярэ?! Ўсе дома п”юць…
Дзяўчынка, мабыць, вам раскажа –
Касу ёй мама запляла!..
І вы паверыце!.. Хоць мама
Гады са тры тут не была...
Наогул – многа што раскажуць,
Перадыхнуць вам не дадуць,
Пасля і інтэрнат пакажуць,
І па пакоях правядуць.
Пакажуць вам спортзал, майстэрні,
Медкорпус новы і крыло,
Дзе ёсць басейн... Затым павернуць
Паказваць вам сваё жытло.
Магчыма і не ўсё пакажуць,
Але раскажуць вам пра ўсё...
На развітанне дружна скажуць:
“Да пабачэння!”... Вось і ўсё...
За ўсё знаёмства аніразу
Вы не пачулі слова Боль!
Чаму? Пытанне без адказу,
Бо гэта – як на рану соль...
Ім хочацца сям”і, прытулку,
Каб побач родныя былі...
Іх душы просяць паратунку,
Прыстанку просяць на зямлі.
Дзіцячыя дамы – патрэба.
Тут чысціня, святло, цяпло...
Ды ўсё ж сказаць нам шчыра трэба –
Лепш іх на свеце не было б!
Дзмітрый Краскоўскі (п.г.т.Івянец)