Флюгеры
О флюгеры! Даўно вы
ў святле стаіце зорак:
меў флюгеры Еўропы
сярэднявечнай горад.
Зрабіла – па-мастацку –
умельцаў вас кагорта.
Вы сімвалы дастатку,
утульнасці, камфорту.
Вы пад вятроў санату,
у век сярэдні з веку,
казалі аб занятку,
асобе чалавека.
Круціўся флюгер-молат
на доме кавалёвым.
“Тут, моцны, нібы волат,
каваль”, – гучалі словы…
Вас і цяпер шмат, вершаў
за крэатыўнасць годных.
На замкавых на вежах –
герб горада і коннік.
Леў з вершнікам напрамак
указваюць мне ветру.
Налева ці направа
павернуцца – ім веру.
Вось залатыя пеўні.
Вось кот, што ловіць мышак…
Не апісаць усе мне.
Ды хіба ўсе апішаш?
Пяро ў руку вазьму я –
ды прыйдзецца зноў кідаць:
шмат, флюгеры, вас мае
сучасны горад Ліда.