Чутна ў родным краi
Й па-за краем,
На край свету чутна:
Ад душы,
Як само сумленне,
Дудка грае, –
Трубамi яе не заглушыць!
Мы не ўмром
I з намi наша годнасць,
Быць людзьмi
Цi ж варта адвыкаць,
Покуль ёсць у нас
I ў мовы роднай
Багушэвiч –
Добры адвакат.
Пракурораў ёсць на свеце многа.
Адвакатаў значна менш аднак.
Ён i зараз недзе
Перад Богам
Часам заступаецца
За нас.
I надзея ёсць:
Францiшка слова
Будзе мець вагу
I ў Судны дзень...
Чутна:
Дудка грае адмыслова.
Скачуць, скачуць
Сэрцы у людзей!..