Галінка на сцюжы
Адна галінка кволая на сцюжы.
І дзе той паратунак адшукаць?
Няспынна снег над садам кружыць, кружыць
І немагчыма слоту зваяваць.
Адна галінка, дзе выратаванне,
Дзе выйсце з лабірынта, дзе яно?
На жаль, не лечыць проста шкадаванне,
Кадлі бяда пастукае ў акно.
Чарговы дзень на досвітку прачнецца.
Чарговы дзень, пашлі надзею мне.
Баліць нясцерпна трапяткое сэрца,
Калі палынны страх яго кране.
Гучыць туга пранізлівым напевам,
Жыццё зваёўваючы пакрысе.
Хоць моцна голле звязанае з дрэвам,
Ды ў адзіночку крыж яно нясе.
Адна галінка кволая на сцюжы,
Змагаецца з бязлітаснай слатой.
Дай бог ёй сілы цёмныя адужаць
І выйсці з безвыходнасці нямой.
Прыгожыя вершы
Прыгожыя вершы