“Назва нашай вёскі ад пана
пайшла”.
"З падання).
І
Калісьці жыў багаты пан.
Ён зваўся Ольша,ці Альшан.
Не проста панам,князем быў,
Далёка ў свеце знатным слыў.
Памешчык ён і гаспадар
Зямель,паселішчаў шматлікіх,
Угоддзяў,нетраў уладар,-
Прыбытак меў штогод вялікі.
Хоць горды сам,а справядлівы,
Бо па натуры – неблагі,
Ды да людзей добразычлівы,-
І просты люд яго любіў.
ІІ
Найлепшы сябар у Альшана –
Лугвен,што з простых быў сялянаў.
Яны з дзяцінства сябравалі,
Усюды разам вандравалі.
У тых вандроўках,ля агнішчаў,
Адной абходзіліся лыжкай,
І спалі ў цемрадзі начной
Удвух пад посцілкай адной.
Былі ў баях,у сечах многіх,
Плячо ў плячо ў паходах доўгіх...
А як на звера палявалі –
Вось дзе яны ўжо выраблялі!
Аж нават мажныя дзядзькі,
Бывалыя дружыннікі,
Ківалі галавой з адчаю –
Былі ў здзіўленні незвычайным:
-Не берагуцца хлопцы,ой!
Так рызыкуючы сабой.
Ці ж можна лётаць так у лесе,
Нібы па роўным полі дзесьці?..
Сябры ўсміхаліся ў адказ:
-Жывём жа толькі адзін раз!
Нам жыць – самім усё спазнаць,
А не с казаннямі звяраць.
Як састарэем – вось тады
Мы будзем з печы маладым
Расказваць казкі нараспеў.
А зараз – дык наш час прыспеў!
ІІІ
Аднога разу князь з Лугвенам
Ізноў здабыць рашылі звера.
Пяцёх з дружыны толькі ўзялі,
Каб тыя іх суправаджалі
Наперакор перасцярозе
Альшан казаў: -ніхто не можа
Мяне чапаць у маім княстве,
Ну хто асмеліцца напасці?
І воі* не настойвалі,
Бо людзі з вопытам былі:
Ці ж хто захоча,сапраўды,
Сабе ў чужой зямлі бяды,
І стане ў далеч заглыбляцца?
Аж не!
Прыйшлося-ткі
з бядой спаткацца!
іY
Далёка ў пушчу ў месцах воўчых
Азарт заўзятараў завёў.
Што нават князеў палясоўшчык**
Прасіў вяртацца зноў і зноў.
-Ты што,спалохаўся,стары? –
На тое усміхаўся князь –
З Лугвена прыклад вунь бяры,
З каня не злазь!
Галопам зноў ляцелі коні,
Свісталі стрэлы,
І дзіды*** ў цэлі трапна білі.
Звяроў у выніку пагоні
Ўжо горы цэлыя набілі
А дзень хіліўся да закату...
Ляснік казаў: -як ноч прыспее,
Знайсці праз пушчу шлях дахаты
Наўрад ці ў цемры мы сумеем!
Ужо і воі насядалі:
-Пара назад вяртацца,князь!
Падводы з вёскі каб прыслалі,
Цераз ганца пашлі наказ –
Здабычу людзі каб забралі.
-Паспеем! – чулася ў адказ-
І паляванне прадаўжалі.
Y
І тут знянацку тур здаровы
Сябрам папаўся ў поле зроку.
Альшан з Лугвенам – удагон,
адарваліся ад аховы,
І зніклі ў гушчары далёка.
Быка таго звалілі лоўка.
Спыніўшысь,пераводзяць дух.
Аж,раптам,верны палясоўшчык
(быў з імі ён)
Сігнал падаў узняццем рук.
Сцішэлі.Слухаюць.Ні слова.
Паблізу трэск галля чуваць.
Спярша падумалі: -ахова!
(павінна іх была дагнаць).
Ды не!Насупраць,у звярыных шкурах,-
Дзясяткі два людзей са зброяй,
Глядзяць з-пад лобу вочы хмура,-
Стаяць напагатове к бою.
Па ўсім відаць,што спаткаёмцы
Жывуць,напэўна,недалёка,
З лясной глушы на незнаёмцаў
Напады робяць і налёты.
Yі
Альшан ніколькі не спужаўся
(Сам-насам з ворагам – не раз!)
-Хто вы?! – сурова запытаўся.
-Пазнаеш!.. – злобны быў адказ.
-А ну! – Лугвен раўнуў-азваўся-
Укленчыць,хутка на калені!
Наш валадар прад вамі,князь.
-Яшчэ чаго! Табе ён князь –
Дык сам і падай на калені
Ды развітайся з галавой.
А нам адно: ці князь,ці гразь! –
Дзяцюк прамовіў здаравенны,
І замахнуўся булавой.
Але ударыць не паспеў:
Мільгнуў каротка Ольшаў меч –
Супернік на зямлю асеў,
І галава зляцела з плеч.
-Стары,да нас! Бярэмся ў кола! –
Што сілы ёсць Лугвен заве.
Вярхамі ўтрох – яны.Наўкола –
Натоўп разбойнікаў раве.
Yіі
І бой бязлітасны пачаўся.
Лугвен і Ольша ў сечы – злыя,
Майстэрствам кожны вызначаўся.
І палясоўшчык завіхаўся:
Бандзюг крушыў дубовым кіем.
Сябры у бойцы рукапашнай
Пераўзыходзілі усіх:
Мо,шэсць ці сем пасеклі ўласна,
Было і шмат параненых.
Бандыты ўжо і шкадавалі,
Што пачалі дурную справу.
А князь з Лугвенам прадаўжалі
Лупіць налева і направа.
Было б,урэшце,і няблага,
Ды ў завяршэнні патасоўкі
З сядла зваліўся палясоўшчык –
Напэўна,страціў раўнавагу.
К старому злыдзень падступіў –
І на зямлі таго дабіў.
-Ах,крумкаччо! Каго забілі!
Не будзе літасці для вас!-
Раз’юшана ім крыкнуў князь,
Рвануўся ў бойку з новай сілай.
Рабаўнікі тут зразумелі,
Што трэба жыцці ратаваць,
Адсюль хутчэй куды ўцякаць –
І... толькі пяткі заблішчэлі!
Yііі
З каней саскочылі сябры –
Скарэй дзядулю аглядаць:
-Мо,толькі ранены стары?
Ды не,ўжо вочы не глядзяць.
-Шкада!
Але ж нябожчыку не ўстаць.
Вывозіць нам патрэбна з лесу
Яго кудысь к жылому месцу -
Па-людску мусім пахаваць.
Пакуль глядзелі-меркавалі
І цела на каня ўскладалі,
У пушчы змрок запанаваў,
Абрысы дрэў,кустоў схаваў.
-Ну вось,і здарылася тое,
Што палясоўшчык прадказаў,
Што нам цяпер рабіць з табою? –
Лугвен панурана спытаў.
-А раптам,тыя – недалёка,
Чакаюць зручнага выпадку?
-Праб’ёмся.Будзе ўсё ў парадку:
Па зорках выбярэмся лёгка!
ІХ
І ноч,і дзень яны ішлі,
Бо верхам ехаць не маглі
Па непралазнай глухамані,
Адкуль і зорак не відаць –
Наўгад прыйшлося паблукаць.
Пад самы вечар знемаглі,
Пад дуб ляглі,засумавалі.
Альшан Лугвену кажа ціха:
-Як толькі нас мінуе ліха,
І мы спаткаемся з людзьмі,
Я абяцаю: ў месцы тым
Прыгожы замак пабудую –
і стану жыць тады у ім.
-Дай,Божа,спраўдзіцца жаданню!
Хутчэй бы выйсці на людзей,
Зусім не страціць каб надзей
І веры у выратаванне!
Пад дубам тым трывожным сном
Глухую ночку скараталі.
Уранку,самым золкам,зноў
Далей пайшлі.Куды – ці зналі?..
Схуднелі,абарваліся ў лясах.
Ім цяжка йсці (хоць і прывычныя!).
Яшчэ крыху – ахопіць жах,
Што анёл лёсу іх пакінуў...
Ажно –
выходзяць паляўнічыя
На невялічкую хаціну.
Другі ляснік з сям’ёй тут жыў,
Таксама князю ён служыў.
За тыдзень выхадзіў сяброў –
Маглі ісці ў паход ізноў!
Х
Што абяцаў,Альшан зрабіў
(У справах ён дакладным быў):
Вярнуўся толькі з дальняй далі –
Людзей паслаў,каб збудавалі
У новым месцы замак ладны.
Майстроў там сотні шчыравалі –
За два гады ўзвялі дакладна.
Ганцы да князя паскакалі,
Прыбыўшы,адрапартавалі:
-Усё гатова у палацы!
Святлейшы можа перабрацца.
І згодна княжацкай патрэбе,
Такія замкі збудавалі
Таксама ў Медніках і Крэве.
Паміж палацаў,на выпадак
Чыйго варожага нападу,
Хады падземныя праклалі –
Па іх маглі хадзіць пяшком
Ці ехаць,хоць чацверыком****.
А у паселішчы Альшаны –
Яго так сталі называць –
Падземным ходам быў звязаны
Яшчэ і з кляштарам палац.
.......
Шмат год сышло – і не Альшаны
Мы вымаўляем,а Г а л ь ш а н ы.
Ды водгук колішніх падзей
Жыве у памяці людзей.
---------------------------
*вой – баец,воін.
**палясоўшчык – лясны вартаўнік,ляснік.
***дзіда – старадаўняя колючая зброя ў выглядзе
доўгага дрэўка з вострым металічным
наканечнікам,піка.
****чацвярык – чатыры кані ў адной запрэжцы.