Гэта ўсё — знаёмыя шляхі.
Аглянешся — затанулі ўдалеч.
На адных — палын расце глухі,
На другія — зоры ападаюць.
Пры юнацтве, што здалёк звініць,
І арлы садзіліся ахвоча,
Часам — каб да лёту заманіць,
Часам — каб выдзёўбваць вочы.
Але мы, улюбіўшыся насмерць
У шляхі, пракладзеныя ў заўтра,
Навучылі песню разумець,
Што ў змаганні і загінуць варта.
Вокам на шляхі куды ні кінь, —
Тлеюць косці звестуноў прадвесня
І ляжаць жалобныя вянкі
Анямелых з болю верных песень.
Не даклічацца ніякая вясна, —
Голас расплывецца ў чыстым полі,
Не збудзіўшы стомленага сна
Змагароў, загінуўшых за волю.
Але хай высокі маладняк
Боль магіл кране карэннем шчырым, —
І насустрач заўтрашняга дня
Нашы песні зазвіняць з-пад жвіру.