Аднойчы, робячы агляд калгаснаму гароду,
Гароднік, дзед Мірон, заўважыў шкоду:
Там нехта пачапаў гуркі.
«Чакай жа! — думае стары, — я выяўлю нягодную пароду!
Зладзюга, не мінеш ты дзедавай рукі».
I тут жа лёг у буракі —
Зрабіў на шкодніка засаду.
Прайшло гадзіны дзве. Вось бачыць ён, з-за саду
Цішком, канавай ля мяжы,
Паўзуць два хлопцы, як вужы,
К гароду падпаўзлі і — шась у грады.
А дзед на пальчыках падкраўся ззаду
Ды — цап! — абодвух за штаны.
«А ну! — крычыць, — ні з месца, гады!
Калгас рабуеце, авечыны сыны!»
Зладзеі бачаць, што ў бяду папалі:
«Дзядулька! — кажуць, — мы гуркоў не кралі;
Мы так дзівіліся, бо думалі, што гэта кавуны, —
Такія ж велізарныя яны!
I як ты вырасціў такое дзіва?»
«Гуркі выдатныя!» — сказаў дзед ганарліва.
«Цябе б, дзядок, Мічурыным лічыць!
Табе б, дзядок, гароднікаў вучыць!»
I дзед, хоць сам калгаснікам сумленным быў,
Нiякай кары хлопцам не ўчыніў, —
Яны падхвальвалі, а гэта дзед любіў.
Часамі кара абыходзіць міма
Гібрыдаў шкодніка і падхаліма.