Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Гусак і Свіння

Сярэдняя: 3.9 (9 галасоў)

Зусім абрыдла Гусаку
Наранку тупаць на раку,
Пялёскацца дзень цэлы,
А ўвечары дамоў
Ад рэчкі тупаць зноў.
Ды й Гуска патлусцела,
Нялёгка ёй хадзіць на рэчку дзень за днём,
Хаця яна і любіць пакупацца.
I вось рашыў Гусак за працу ўзяцца, —
Зрабіць каля парога вадаём.
I не грамадскі, камунальны,
А свой, уласны, персанальны,
Ля хаты вадаём пабудаваць.
«Каму ж капаць? —
Спытала Гуска. — Ты ж не ўмееш».
«Ат, што ты разумееш! —
Гусак ёй адказаў. — Патрэбна змазгаваць...
Не ўмею? — Ліха ў тым не бачу:
Не кожны сам сабе будуе дачу.
Хаўрусніка патрэбна падабраць.
Ды з кім схаўрусіцца? — Задача...
Звязацца з Бугаём? — Не пойдзе на хаўрус.
Капае добра Трус,
Але малы. I год мінецца
Пакуль ён дакапае. Давядзецца
Схаўрусіцца, напэўна, са Свіннёй».
«Не, з ёю кашы ты не зварыш, —
Гусак Свінні спрадвеку не таварыш.
Ну як дамовішся ты з ёй?»
«Ого! Дамоўлюся на дзіва!
Твой, любая, Гусак не просты, асаблівы,
Дамовіцца з любой Свіннёю ўраз.
Ёй што патрэбна? — гразь. А нам — вадзіца.
Вось мы і зможам пагадзіцца».
Прайшоў якісьці час.
I сапраўды, у дзень пагожы, ясны
Свіння разрыла двор калгасны...

Што свінні ёсць між нас,
То усумніцца ў факце,
Напэўна, могуць толькі дзівакі.
Але не пазвяліся й гусакі,
Якія з гэтымі свіннямі у кантакце.