Калі надакучаць турботы аб хлебе
І сцэны відовішчаў стомяць маной,
Свой позірк уверх падніміце – у неба –
І многае здасца пустой мітуснёй.
Штодзённыя справы адыдуць кудысьці
І з’явіцца смак – на аблокі глядзець
І цешыцца выссю – сапраўднае выйсце,
Калі ад зямнога стаміўся хварэць.
Там танчыць паветра, спявае прастора!
Расправіць бы крылы – і птушкай ляцець!
Там сонца, і месяц, і россыпы зорак…
Што можна яшчэ для сябе захацець?
Вачам – асалода і сэрцу – прычасце
Да нечага вечнага, што не міне.
Душою ўдыхайце нябеснае шчасце,
Але паспяшайце – залева ліне.
30.08.2010